Беларус пакрыўдзіўся на “Бульбаша”
Жыхар Віцебска Сяргей Каваленка лічыць, што назва “Бульбашъ”, пад якой выпускае сваю алкагольную прадукцыю айчыннае прадпрыемства “Завод вінаградных вінаў “Дионис”, абражае нацыянальны гонар і годнасць беларусаў. У сувязі з гэтым ён звярнуўся ў пракуратуру Першамайскага раёна Віцебска з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце распальвання нацыянальнай варожасці.
У сваёй заяве С.Каваленка тлумачыць: “На мой погляд, слова “Бульбашъ” падрывае павагу да беларусаў, выклікае непрыняцце беларускай культуры, нацыянальнага ладу жыцця беларусаў, гаворыць аб непаўнавартаснасці, абмежаванасці беларусаў. Я не магу гэтага прыняць і пагадзіцца з гэтым. Да таго ж слова “Бульбашъ” не з’яўляецца літаратурна-кніжным і здаўна лічыцца зневажальнай мянушкай беларусаў”.
Як распавёў “ННВ” С.Каваленка, паўтара месяца таму ён звярнуўся да адміністрацыі завода з пісьмовай прапановай не выкарыстоўваць назву “Бульбашъ” на этыкетках. У адказе за подпісам дырэктара прадпрыемства М.Лявончыка на рускай мове паведамлялася наступнае: “О придании слову “Бульбашъ” того смысла, который вы пропагандируете, нам ничего неизвестно. Придание вами этому слову отрицательной национальной окраски направлено на разжигание розни, унижение национальной чести и достоинства, поэтому хотели бы вас предостеречь от такого ошибочного и опасного пути”.
“Я лічу, што рэкламаванне зневажальнай мянушкі “бульбаш” нясе маральную шкоду не толькі мне, але і іншым беларусам. Таму і быў вымушаны звярнуцца ў пракуратуру”, – сказаў С. Каваленка.