Зюзя Паазерскі абзавёўся гаспадаркай і стварыў ёлкін музей
Сёлета наведнікаў лясной сядзібы беларускага паганскага бога зімы Зюзі Паазерскага, што знаходзіцца ў вёсцы Азяркі на Пастаўшчыне, чакае шмат сюрпрызаў.
У гэтым годзе Зюзя рыхтуецца сустрэць гасцей у чацвёрты раз. Вясёлы дзед ужо паспеў абжыцца ў новай рэзідэнцыі, у якую пераехаў летась, і нават завёў гаспадарку – пасеку. А яшчэ ў сядзібе нашага Дзядулі Мароза нядаўна пасяліўся новы жыхар – енот Маня.
Як распавёў “Народным навінам Віцебска” дырэктар Пастаўскага цэнтра турыстычных паслуг Ягор Шушкевіч, аднадзённы маршрут «У гасцях у Зюзі Паазерскага» будзе працаваць з 19 снежня па 11 студзеня. Навінкай гэтага сезона, па ягоных словах, стане наведванне ёлкінага музея, у якім сабрана экспазіцыя калядных абярэгаў, старых навагодніх паштовак, ёлачных цацак. У тэатралізаваным прадстаўленні сёлета таксама з’явіцца новы персанаж – Бурбалка, з якім звязаны працэс прыгатавання кашы, якую з прыгодамі варыць баба Ганна.
Як і раней, сваіх гасцей Зюзя будзе частаваць гарачай гарбатай на зёлках, блінамі і пернікамі, запросіць вадзіць карагод вакол ёлкі. А на кірмашы «Паазерскія забаўкі» можна можна будзе набыць сувеніры, зробленыя народнымі майстрамі.