Народные новости Витебска

Віцебск наведалі Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Навасяд і Мікола Статкевіч

Сустрэча з лідэрам незарэгістраванага руха “За свабоду” і экс-кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам, а таксама з каардынатарамі “Еўрапейскай кааліцыі” Уладзімірам Навасядам і Міколам Статкевічам адбылася 10 снежня ў прыватнай хаце, таму што гарадскія ўлады не дазволілі арэндаваць кінатэатр “Брыганціна”. На сустрэчы было каля 70-ці чалавек уключна з журналістамі.

Па словах віцебскага каардынатара руха “За свабоду” Хрыстафора Жэляпава гарвыканкам матываваў забарону, пад якой падпісаўся намеснік старшыні гарвыканкаму Павел Лосіч, на сустрэчу тым, што арганізатары не заключылі папярэдне дамовы з адміністрацыяй “Кінавідэапракату”.

Жыхароў Віцебска, якія прыйшлі на сустрэчу, цікавілі планы дэмакратычных сілаў да змянення палітычнай сітуацыі ў краіне, перспектывы аб’яднання розных палітычных плыняў, адносіны з Расіяй і Еўразвязам, пытанні дзейнасці ва ўмовах фінансавага крызісу. Палітыкі адказвалі на пытанні цягам двух гадзін.