У Полацку змагаліся са СНІДам музыкай
Чарговы фэст, прысвечаны Міжнароднаму дню барацьбы са СНІДам, быў праведзены ў полацкім гарадскім палацы культуры 14 снежня рок-клубам “Live in Rock”. Штогод ініцыятарам “Анты-снід”-фэстаў становіцца гурт Indra. Вось і ў гэтым годзе музыкі ў межах фармату рок-клуба сабралі на полацкай сцэне калектывы з Наваполацку, Полацку, Віцебску і Магілёву.
Першымі выступалі магілёўскія госці “Колачиком Рядом”. Мне давялося пачуць гэты калектыў упершыню і ўражанні засталіся даволі прыязныя. Душэўныя хлопцы, пранікнёны вакал. Я ўсё думала, як жа ахарактарызаваць тое, што я пачула? Музыка каб павесяліцца? Не, ні ў якім разе – боль і смутак вакалу ні на хвіліну не дасць табе гэтага зрабіць. Музыка для адпачынку? Часткова, але з найменшага боку. Музыка для “падумаць”, я б сказала. Яна – як выкрык, часам пераходзячы ў плач, часам ва ўсмешку. І дакладна – з сацыяльным ухілам. Гэткі своеасаблівы зварот да слухача, апавяданне пра наваколле, пэўны каментар праз прызму свайго светапогляду, шчырага, справядлівага і ад таго – жывога і пранікнёнага. Ну а акрамя тэкстаў і вакалу не пакідаюць раўнадушным партыі саксафаніста, што прыўносяць у іх музыку лірычную мяккасць і паэтычнасць.
Другімі на сцэну падняліся віцебскія музыкі “Алмазны фронт”. Неаднаразова яны ўжо выступалі ў Полацку, таму зала адгукнулася на знаёмую назву ўжо па-сяброўску цёпла і ўзрадавана. Покуль музыкі падключаліся, Э. Юдовін падараваў слухачам песеньку-сола, каб запоўніць паўзу настройкі. Ну а потым палілася тая самая чароўная музыка, якая змяняе наваколле, прычым не метафарычна, а на яве. Пад час выступу гэтага гурта становіцца светла і цёпла. Нейкім магічным спалучэннем музычных і энергетычных імпульсаў яны змяняюць гэты сусвет на некалькі хвілін свайго выступлення да непазнавальнасці. У гэты вечар выступ гурта быў не вельмі працяглым, бо музыкі спяшаліся на цягнік. На заканчэнне сваёй праграмы яны сыгралі сімвалічную heavy-metal-reggae песеньку “Вавілон”, пасля чаго і сышлі.
Гэтую моцную пазітыўную хвалю падхапіў гурт Indra. Ад запалу полацкіх музыкаў усё вакол падпрыгвала і прыскоквала. Новы басіст, Арцём, быў у гэты вечар на вышыні – як па музыцы, так і па шоу, якое ён выдаваў на працягу ўсяго выступу – у харызме яму не адмовіш. Гурт прэзентаваў адну новую песню – “Прышчэпка ад вар’яцтва”, выканаў кампазіцыі з альбому “Сонца вакол” ды новыя песні, што не паспелі ўвайсці ў кружэлку, але ўжо палюбіліся слухачам. Эмацыянальна, весела, з моцным унутраным запалам Indra адыграла сваю праграму на адным уздыху. Нават апошняя песня, якую яны гралі – “Там за вокнамі дождж”, прайшла на агульнай хвалі пазітыву. Складаныя словы-вершы, народжаныя болем, у сённяшняй інтэрпрэтацыі атрымаліся задужа вясёлымі і лёгкімі для іх сэнсу. Але сумняваюся, што гэта хоць як-небудзь адбілася на агульным успрыманні гурта слухачамі, усе былі рады чуць вясёлую бадзёрую музыку.
Наступнымі зноў гралі віцебскія музыкі — Hellocost. Покуль яны рыхтаваліся-падключаліся, разпаленая публіка патрабавала “Мяса! мя-са!..” Я ж у сваю чаргу думала: “будзе ім зараз мяса, яшчэ якое!” Але што сапраўды выклікала ўсмешку – відэарад. Пад час канцэрту на вялім экране ішлі фота-блокі “анты-снідавай” тэматыкі, індыйскіх багоў і сюрэалістычна-каларыстычныя малюнкі. Часам гэта вельмі добра супадала з музыкай, ледзь не ілюструючы словы песень, але часам даходзіла да абсурду. Так, калі Hellocost падняліся на сцэну – распачаўся блок з вясёленькімі каляровымі грыбочкамі-галюцынагенамі, потым хуценька прайшоў “анты-снід” блок, ну а потым... калі ўжо хлопцы пачалі граць – пайшлі індыйскія багі, што так “адпавядае” іх hardcore/rapcore-у. Што да музыкі – хлопцы распачалі праграму адразу моцна і на высокіх хуткасцях. У гэты вечар яны прэзентавалі свой альбом “Урод”, што быў запісаны ў кастрычніку 2008 года. Жадаючыя нават маглі яго набыць на ўваходзе ў залю. Музыкі ж у сваю чаргу, не стаялі калом на месцы, а кілбасіліся не па-дзіцячы, рвалі на ўсіх хуткасцях.
Пасля іх на сцэне з’явіліся навапалачане “Белый Дом”. Мне, як заўсёды, чагосьці не хапала ў іх выступленні. Злавіла сябе на думцы, што слухаць іх чэк мне было цікавей. Тое, што ад выступу да выступу яны растуць у плане тэхнічна-прафесіянальным – відавочна. Кожны раз адкрываю ў іх нешта новае, але адначасова ёсць і нешта такое, што псуе ўсё ўражанне. То пантоў задужа многа, то кудысьці без вестак знікае драйв і панкаўская бесклапотнасць. Проста хочацца пажадаць хлопцам плённай працы ў іх справе. А тое, што вынікі будуць – нават не сумняваюся, бо з такім энтузіязмам, як у гэтых панкаў, іх проста не можа не быць.
На жаль астатнія гурты, а гэта “Мастер и Маргарита”, “Вольныя”, “Devill Waltz” і “Kripa”, паслухаць мне не давялося, бо трэба было выпраўляцца ў Віцебск.
За ўвесь той час, што мне выпала прысутнічаць на фэсце, так і не пачула ад вядучага тэматычна-накіраваных словаў пра “Анты-Снід”. Як і на фэсце “Эка-рок”, тут таксама абмежаваліся некалькімі сказамі ў самым пачатку вечара. А потым пра тэму канцэрта часам нагадвалі мільгаючыя фотаздымкі з відэараду (але і там яны, у спалучэнні з індыйскімі багамі, не вельмі добра тлумачылі нагоду сустрэчы).
Пры гэтым хочацца выказаць вялікую падзяку арганізатарам за ініцыятыву прывядзення такіх фэстаў, за падрыхтоўку вечара і яго правядзенне. А таксама за адказнасць перад музыкамі, прэсай і самімі сабой. Вы робіце вялікую Справу.