Альтэрнатыўны погляд праз аб’ектыў
У мінулую суботу моладзь, якая сабралася ў Віцебскім мастацкім музеі, адчула сапраўдны “Культурны ўzдым” на адкрыцці выставы з аднайменнай назвай.
Выставай маладых фатографаў Віцебска і Мінска адкрылася і музейная зала нумар 0, размешчаная ў сутарэннях старажытнага будынка.
Аўтары праекта – віцебскія фатографы Сяргей НАВІЦКІ, Аляксей УСОВІЧ, Аляксандр ВЕЛЕДЗЕМОВІЧ, Андрэй АРЛОЎ, а таксама Яўген БЫК (Магілёў) і мінчанка Даша БУБЕН – сваёй мэтай вызначылі зрабіць рэпартаж з культурніцкіх мерапрыемстваў: канцэртаў, вечарын, выстаў, літаратурных сустрэч, зарганізаваных віцебскай альтэрнатыўнай прома-суполкай “NoLogoPromo”.
З часу існавання суполкі (а яна функцыянуе са снежня 2007 года) на рознастайных пляцоўках Віцебска пабывалі зоркі айчыннай, так і агульнаеўрапейскай сцэны. Фотамастакі схапілі найбольш эмацыйныя моманты з канцэртаў, зафіксавалі настрой, самыя выразныя імгненні. Яны, кожны ў сваёй манеры, стварылі шэраг экспрэсіўных, дынамічных фотаработ, якія напоўнены энэргетыкай музычных выканаўцаў.
У экспазіцыі прадстаўлена як чорна-белае, так і каляровае фота.