Сярэднявечная дыскатэка ў Віцебску
У віцебскім клубе «Зебра» 20 снежня адбылася незвычайная дыскатэка – моладзь танчыла пад сярэднявечныя хіты ад вядомага сталічнага гурта «Стары Ольса». Дыскатэку арганізавала віцебская суполка No Logo Promo ў межах усебеларускай кампаніі «Будзьма!».
Вечарына пачалася з конкурса, прысвечанага гэтаму гурту. Удзельнікі, якія правільна адказалі на пытанні пра творчасць “Старога Ольсы”, атрымалі прызы. Затым на сцэну выйшлі музыканты. Канцэрт доўжыўся дзве гадзіны, і ўвесь гэты час моладзь нястомна адбівала сярэднявечныя па. Беларускім и еўрапейскім танцам часоў сярэднявечча і Рэнесансу ўсіх жадаючых хлопцаў і дзяўчат прама тут жа вучылі прафесіяналы – удзельнікі віцебскага клуба гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа” і мінскага тэатра сярэднявечнага танца “Яварына”, апранутыя па модзе ХVI стагоддзя.
Аказалася, сярэднявечныя танцы – гэта не так ужо і складана, і многія хутка навучыліся. “Кожны можа танцаваць старадаўнія беларускія танцы, як і кожны можа размаўляць па-беларуску. Бо беларускасць у нас унутры. Дык будзьма ж беларусамі!”, – заклікаў усіх на пачатку імпрэзы кіраўнік суполкі No Logo Promo Віталь Броўка.
На канцэрце прагучалі вядомыя творы “Старога Ольсы” – песні са зборнікаў “Полацкі сшытак” і “Віленскі сшытак”, кампазіцыі «Маразуля», «Абарона Крычава», “Бітва пад Воршай”, “Песня пра князя Вітаўта” і іншыя гераічныя балады, ваярскія і народныя песні. Было заўважна, што многія маладзёны добра ведаюць і любяць творчасць гурта. Адны хлопцы ўвесь час прасілі, каб музыкі выканалі песню “Збройны рыцар”, але гэты просьбу гурт чамусьці пакінуў без увагі...
Лідэр гурта Зміцер Сасноўскі паведаміў, што нядаўна “Стары Ольса” скончыў працу над новым кліпам. “Гэты кліп, на песню “Літвін”, мы рабілі ажно тры гады. У ім таксама зняліся прадстаўнікі Віцебска – клуб “Паўночная вежа”. Між іншым, калі мы ехалі да вас, нам патэлефанавалі з “Першага музычнага канала” і сказалі, што кліп ім не падыходзіць. Але гэта проста шэдэўр у параўнанні з тым, што круцяць на гэтым канале. Гэта вельмі якаснае відэа. Калі мы паказалі кліп галандцам, яны былі ў захапленні і сказалі, што ніколі такога не бачылі. А для “Першага музычнага” – гэта не фармат...”, – пакпіў Сасноўскі.
“Стары Ольса” – часты і жаданы госць у Віцебску. Сёлета ў траўні музыкі прыязджалі да нас, каб прыняць удзел у свяце “Ліцвінская дуда”, прысвечаным Міжнароднаму дню музеяў. З вялікім поспехам канцэрт гурта прайшоў у сакавіку 2007 года ў абласной філармоніі. Як запэўніў прыхільнікаў З.Сасноўскі, у наступны раз сустрэча са “Старым Ольсам” адбудзецца зноў жа ў філармоніі ўлетку 2009 года.