Народные новости Витебска

Выстава графікі мінскай мастачкі

Выстава пастэлі Кацярыны МЯСНІКОВАЙ "Бязмішуровая прастора" працуе ў зале Цэнтра сучаснага мастацтва. Маладая мастачка адлюстравала ў сваіх графічных працах хвалюючыя яе тэмы культурнай спадчыны нашай Радзімы.

Спадарыня Мяснікова выставіла серыю карцін, на якіх выяўленыя высакародныя і мудрыя сведкі даўніны – цэрквы і касцёлы. Мастачку цікавяць мястэчкі, якія захоўваюць у сабе успаміны аб гістарычных з'явах, таямніцы мінулага. Працы "Царква, якая імкнецца ў неба", "Слабодка. Касцёл", "Сведка мінуўшчыны" і іншыя выкананыя ў сіне-ліловай гаме, усе яны схіляюць да роздумаў і нагадваюць нам пра тое, што мы можам страціць. У экспазіцыі прадстаўлены таксама пейзажы.

Кацярына – выпускніца мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя Машэрава, зараз жыве і працуе ў Мінску. У творчасці яна аддае перавагу акрылу і пастэлі. На яе погляд, пастэль – вельмі пластычны і выразны матэрыял. Спадарыня Мяснікова выступае арганізатарам рэспубліканскіх пленэраў, пры яе дапамозе адбыўся моладзевы пленэр “У пошуках Атлантыды”, пленэры, прысвечаныя Р. Барадуліну, В. Быкаву, Я. Драздовічу і выставы па іх выніках. Па словах мастачкі, арганізатары і ўдзельнікі пленэраў праводзяць вялікую краязнаўчую працу.

"Бязмішуровая прастора" – першая персанальная выстава мастачкі. Яна марыць прывезці ў Віцебск і іншыя цыклы сваіх прац (з жанра “ню”, партрэты).