«Мелодыя сонца» Галіны Худніцкай
У гэты час дні самыя кароткія ў годзе, і колеры – усё больш шэрыя. Як важна гэтай парой наталіць душэўную смагу яркімі фарбамі. Зрабіць гэткі маленькі сонечны прыпынак у шэрай будзённасці, які абавязкова дапаможа дачакацца веснавых дзянькоў. Яго падаравала нам мастачка Галіна Худніцкая, выстава карцін якой праходзіла ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур Полацка.
Галіна Худніцкая – мастак-філосаф. Яна ўмее падарыць не толькі прыгажосць, але, што самае галоўнае, – пашырыць гарызонты ўяўлення пра рэчаіснасць, не звузіць прастору, а наадварот, пашырыць яе да тых межаў, да якіх можаш з ёю пайсці. Яе мастацтва – бязмежнасць існавання чалавека ў прыродзе, лёгкасць, вытанчанасць, прыгажосць. Маленькі сонечны прыпынак у шэрай будзённасці.
Сваю чарговую выставу яна назвала «Мелодыя сонца». Вы спытаецеся, хіба ёсць у сонца мелодыя? Гэта як паглядзець, дакладней пачуць, Мелодыю сонечных промняў Галіна Худніцкая чуе, і нараджаюцца ў яе карціны «Летні настрой», «Успамін пра лета», «Элегія», «Метамарфозы зімы»... Яна і сама нібы-та гераіня, якая сышла з палотнаў сваіх карцін, – гэткая ж лёгкая, вытанчаная, прыгожая.
Адкрыццё выставы – заўсёды свята. І пачалося яно з прыгожай мелодыі, якую падаравала ўсім вучаніца Полацкай дзіцячай школы мастацтваў Ліза Зязюлева. Віталі мастачку з нагоды адкрыцця выставы Валянціна Крук, дырэктар Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, прыхільнікі творчасці мастачкі, яе сябры з Наваполацкага народнага літаратурна-музычнага калектыву «Крылы»... У вольны час Галіна Худніцкая піша вершы. Яны нібы-та дапаўняюць яе карціны, светлы, стваральны дух якіх – аснова творчасці мастачкі.