Выстава інсынтнага мастацтва “Сэрцу блізкія мясціны” віцебскага мастака-аматара Канстанціна Сцепчанкова праходзіць у Літаратурным музеі Віцебска. Маючы тэхнічную спецыяльнасць, далёкую ад мастацтва, ён у паважаным узросце стаў жывапісцам.
"Я бачыў сон, – расказвае Канстанцін Аляксандравіч. – Да мяне з’явіўся Бог і сказаў, што я павінны маляваць”. Так ён і зрабіў. Спачатку рабіў замалёўкі, потым стаў працаваць алеем.
Для інсынтнага (наіўнага) мастацтва – прымітывізму – характэрна спрашчэнне мастацкіх вобразаў. Вобразы прыроды, створаныя К. Сцепчанковым, па-дзіцячаму простыя і шчырыя, для яго карцін уласціва чысціня і яркасць фарбаў. У калекцыі мастака каля 130 карцін, у экспазіцыю ўключаны каля паловы з іх, выкананыя ў 2007-2008 гадах. У асноўным гэта пейзажы, на якіх адлюстраваны прыгожыя мясціны Віцебшчыны і Смаленшчыны.
“За пяць гадоў заняткаў жывапісам К. Сцепчанкоў знайшоў уласную манеру, блізкую да пуантывізму, – ён малюе маленькімі кропкамі, – вызначае кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар.– Работы К. Сцепчанкова адрозніваюцца шчырасцю і пяшчотнасцю, дзіцячым поглядам на жыццё”.
К. Сцепчанкоў удзельнічаў у III Нацыянальнай выставе інсынтнага мастацтва ў Віцебску (2008) і Міжнароднай выставе наівнага мастацтва ў Маскве (2007-2008 гг.). Гэта другая персанальная выстава мастака (першая адбылася два гады таму назад у Здраўнёва).
К. Сцепчанкоў ужо не можа не маляваць, у яго шмат задумаў і творчых планаў. “Для мастака няма крызісу, – лічыць самадзейны мастак. – Па-ранейшаму ідзеш на прыроду і пішаш тое, што бачыш…”