У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа 18 лютага адбудзецца прэм’ера спектакля “Ветрагоны”. Дзеянне гэтай музычнай камедыі пра каханне паводле аднайменнага твора Уладзіслава Галубка адбываецца ў Віцебску пачатку ХХ стагоддзя. Гледачы ўбачаць на сцэне фрагмент Кіраўскага маста, нашу знакамітую ратушу і не менш знакаміты віцебскі трамвайчык часоў НЭПа.Паставіў спектакль рэжысёр мінскага тэатра імя Янкі Купалы Уладзімір Савіцкі. У галоўных ролях у пастаноўцы заняты артысткі Юлія Крашэўская, Наталля Саламаха, Валянціна Багданава, Раіса Грыбовіч, Ларыса Антосева, Галіна Букаціна і іншыя. Музыку да спектакля напісаў кампазітар з Мінска Уладзімір Кур’ян, мастак таксама са сталіцы – Віктар Цімафееў. Харэаграфію новага спектакля зрабіла віцебскі балетмайстар Дзіяна Юрчанка.