У Полацку зноў перайменуюць вуліцы з камуністычным мінулым
Цэнтральны полацкі праспект – імя Карла Маркса – збіраюцца перайменаваць. Ён будзе названы ў гонар знакамітага беларускага першадрукара Францыска Скарыны.Яшчэ адна прыемная навіна: вуліцы Энгельса плануюць вярнуць гістарычную назву – Плігаўская. Рашэнне аб перайменаванні выносілася на абмеркаванне грамадскасці. На думку палачан і мэра горада Уладзіміра Тачылы, Маркс і Энгельс не маюць ніякага дачынення да гісторыі самага старажытнага горада Беларусі. “Горад праславілі іншыя людзі, і іх імёны неабходна ўвекавечыць у назвах вуліц”, – цытуе У.Тачылу БелТА.
Шыльды з новымі назвамі з’явяцца на дамах напярэдадні святкавання Дня горада, які па традыцыі пройдзе ў Полацку ў апошнюю нядзелю траўня.
Цэнтральныя полацкія вуліцы, у адрозненні ад віцебскіх, маюць прыгожыя назвы – Ніжне-Пакроўская (былая Леніна), Успенская, Еўфрасінні Полацкай.