На Дзень Волі ў Віцебску плануецца мітынг
У Віцебску плануецца правядзенне мітынгу, прысвечанага святкаванню 91-й гадавіны ўтварэння БНР. Такое рашэнне было прынята 24 лютага на пасяджэнні Аб’яднаных дэмакратычных сіл Віцебскай вобласці.Як было вырашана на пасяджэнні, мітынг 25 сакавіка можа прайсці на плошчы Свабоды, каля мемарыяльнай дошкі Васілю Быкаву, каля помніка Уладзіміру Караткевічу або ў парку Чыгуначнікаў. Кіраўнікам АДС у іншых рэгіёнах вобласці было рэкамендавана правесці ў гарадах і раёнах мітынгі, сходы, сустрэчы і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Волі.
У выпадку адмовы мясцовых уладаў у правядзенні акцый, партыйным структурам рэкамендавана ўскласці вянкі да памятных месцаў у гарадах вобласці з запрашэннем на гэтыя мерапрыемствы прадстаўнікоў органаў улады, дэпутатаў, ветэранаў і моладзі.