У Віцебску праходзіць выстава полацкіх народных майстроў
У Віцебскім абласным навукова-метадычнага цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы праходзіць выстава “Зберагаючы вытокі”, на якой можна было ўбачыць творчасць майстроў народных клубаў «Роднасць» і «Рошва» пры Полацкім цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур.Полацкія майстры прадставілі больш за сто твораў, выкананых у 15 відах традыцыйнага беларускага рамяства – шыццё з абрэзкаў тканіны, пляценне з лазы, саломкі, карункаў і пацерак, ткацтва паясоў, разьбярства, выцінанка, вышыўка, кавальства, выраб катаных валёнак, лялек, габеленаў і інш.
Асаблівую ўвагу прыцягваюць пано, зробленыя ўдзельніцамі клуба «Рошва». Гэты калектыў вядомы ў Беларусі і за яе межамі дзякуючы унікальнаму праекту – вялізнаму палатну ручной працы «Полацкі абярэг». На выставу ў Віцебск рукадзельніцы з “Рошвы” прывезлі свае лепшыя працы, выкананыя ў той жа самай тэхніцы, што і знакаміты абярэг. Многія з гэтых твораў атрымалі высокую адзнаку на прэстыжным міжнародным конкурсе “Еўраквілт”.