Коласаўцы першымі ў Беларусі паставілі спектакль пра Еўфрасінню Полацкую
15 сакавіка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа ў Віцебску з вялікім поспехам прайшла прэм’ера спектакля “Крыж Еўфрасінні”. Гледачы выклікалі артыстаў на біс, а выканаўца ролі Еўфрасінні Полацкай заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова ледзь трымала падораныя кветкі. Нягледзячы на тое, што спектакль ўздымае складаныя духоўныя праблемы, глядзіцца ён на адным дыханні. Адметна, што раней пастаноўкі аб адной з самых шануемых святых не было ў рэпертуары ніводнага беларускага тэатра.У спектаклі распавядаецца пра некаторыя фрагменты жыцця вялікай асветніцы і падзвіжніцы XII стагоддзя, нябеснай апякункі Беларусі Еўфрасінні Полацкай. Аб тым, як яна супрацьстаяла крывавым княжым міжусобіцам, самаахвярна лячыла хворых падчас пошасці ў Полацку, дапамагала ўсім абяздоленым і няшчасным, будавала Спаса-Прэабражэнскую царкву. У пастаноўцы задзейнічаны знакамітыя сучаснікі Еўфрасінні – дойлід Іаан, майстар Лазар Богша, епіскап Полацкі Дзіянісій, князі Расціслаў і Рагвалод, якія варагавалі паміж сабой, а таксама князь Юрый Тураўскі, які сватаўся да Прадславы да таго, як яна прыняла пострыг.
“Крыж Еўфрасінні” па п’есе Ірыны Масляніцынай на віцебской сцэне паставіў рэжысёр-коласавец Міхась Краснабаеў на прэзідэнцкі грант у памеры 32 мільёны рублёў. Пераклад п’есы з рускай мовы на беларускую зрабіў віцебскі літаратар Міхась Мірановіч. Тэкст твора блаславіў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Філарэт.
Рэпетыцыі новага спектакля вяліся з мінулай восені, і для кансультацый у тэатр спецыяльна запрашалі праваслаўных святароў. А выканаўца галоўнай ролі Таццяна Ліхачова, каб лепей увайсці ў вобраз прападобнай ігуменні, нават некаторы час жыла ў Спаса-Еўфрасіньеўскім манастыры ў Полацку.
Наступны раз “Крыж Еўфрасінні” можна ўбачыць у нядзелю, 22 сакавіка.