Прэзентацыя паэтычнага зборніка “Ад ніў прыдзвінскіх. Віцебшчына паэтычная” адбылася 15 сакавіка ў Віцебскім літаратурным музеі. Зборнік пабачыў свет з ініцыятывы абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Пад вокладкай, аздобленай крыху трывожным фотапейзажам, змешчаны вершы 37 аўтараў з амаль што ўсіх куткоў Віцебшчыны – ад Пастаў ды Браслава да Віцебска. З творамі ўжо вядомых літаратараў – Алеся Аркуша, Леры Сом, Ірыны Жарнасек, Пятра Ламана, Франца Сіўко, Уладзіміра Папковіча, Вальдэмара Калініна, Сяргея Рублеўскага, Людмілы Сіманёнак ды іншых, суседнічаюць вершы таленавітых пачаткоўцаў – студэнтак Ірыны Бельскай і Вольгі Чайкоўскай, святара Сяргея Сурыновіча, настаўніц Элы Петрачэнкі і Іны Кузьменкі...
Прыналежнасць да пісьменніцкага саюзу ў дадзеным выпадку не з’яўлялася крытэрам адбору ўдзельнікаў складанкі. Адзіным пропускам у гэты літаратурны праэкт былі талент, адданасць паэзіі і шчырасць у ёй.
“Не кожнаму дадзена праявіць моц духу ў часы, калі адданасць справе лічыцца заганаю, а здрада – ледзь не праяваю патрыятызму. Ды кожны сам каваль свайго шчасця”, – кажа ў прадмове да кнігі старшыня Віцебскага абласнога аддзялення СБП Франц Сіўко.
Данінаю памяці і знакам пашаны выглядае прысутнасць у зборніку твораў паэтаў, якія сышлі ад нас на вечны спакой – Анатоля Канапелькі, Тамаша Ляшонка, Яўгеніі Мальчэўскай.
Адметнасцю выдання з’яўляецца таксама яго прынцыповая недзвюхмоўнасць: нават рускамоўныя паэты парупіліся перакласці свае творы ў беларускую ці даверылі пераклад прафесіяналам. Гэтак, вершы Давіда Сімановіча падаюцца ў перакладзе Уладзіміра Папковіча, ён жа пераклаў некаторыя творы Змітра Рубаніка. Пераствораны таксама вершы беларускага цыгана Вальдэмара Калініна.
Прэзентацыя зборніка вылілася ў паэтычныя чытанні. Уладзімір Папковіч нагадаў, “як нялёгка даецца парыванне да неба”. Людміла Сіманёнак, “не абяцаючы спакою”, прызналася, што “заўсёды за балючае чапляе жыццё таго, хто здрадзіў цішыні...” І ўжо ўсіх жанчын, якіх прысутнічала ці не большасць у запоўненай выставачнай зале літмузея, папярэдзіў, паставіўшы іранічную кропку, Міхась Мірановіч: “Ведайце, бабы, паэты – маньякі...”