Кватэры ў Віцебску робяцца даступней
Кошты на жыллё ў Віцебску працягваюць зніжацца. Пачынаючы са студзеня 2009-га года яны ўпалі на другасным рынку жылля прыблізна на 30%.
“Калі да новага года двухпакаёўка новай планіроўкі каштавала $50 тысяч, дык зараз – каля 35 тысячаў даляраў”, – кажа дырэктар рыэлтарскага агенцтва “Уют” Ірына Песнікевіч.
Аднапакаёўка новай планіроўкі каштуе зараз $25 тысяч (напрыканцы 2008-га – $35-38 тысяч).
Па інфармацыі Віцебскага агенцтва па аказанні рыэлтраскіх паслугаў, кошт квадратнага метра ў Віцебску на другасным рынку жылля вагаецца зараз у межах $650-700 (перад новым годам сягаў да $1000). Гэта ў два разы танней за кошт квадратнага метра на другасным рынку ў Мінску.
Агенты па нерухомасці пакуль што асцерагаюцца рабіць доўгатэрміновыя прагнозы. Як будуць сябе весці цэны на кватэры, будзе залежыць найперш ад крэдытнай палітыкі банкаў, якія на сёння выстаўляюць вельмі жорсткія ўмовы крэдытавання (пад 25-28%). Але ўсё ж большасць схіляюцца да таго, што цэны будуць падаць і надалей. У кожным разе тое, што ў бліжэйшай перспектыве яны не вырастуць, гэта адназначна.
Адзін з суразмоўцаў “ННВ”, які пажадаў застацца ананімам, зрабіў наступны прагноз “плінтуса падзення”: аднапакаёўка - $15 тыс., двухпакаёўка - $20 тыс., трохпакаёўка - $25 тыс.