У Полацку музыкі гукалі вясну
15 сакавіка ў полацкім “Live in Rock” адгрымеў фэст “Метал-Вясна”. Так ужо склалася, што на славянскіх землях са старажытных часоў людзі, адчуваючы паслабленне улады Зімы, ладзілі свята – “Гуканне Вясны”. Нашыя продкі танчылі і спявалі, дапамагаючы Вясне абудзіць гэты свет ад зімовага сну. Сёння гэтыя традыцыі таксама жывуць у нашай падсвядомасці, а галоўным доказам гэтаму і будзе вышэй узгаданае мерапрыемства.
Канцэрт, прымеркаваны да надыходу вясны, стаўся эксперыментальным – дагэтуль metal-фэстаў тут яшчэ не праводзілі. З гэтай нагоды былі запрошаны дзевяць гуртоў з Полацку, Наваполацку, Віцебску і Горак. Experimental-melodic-death-metal-rap-core – кожны “гукаў вясну” як умеў.
Распачаць мерапрыемства выпала гурту “Denial of Life”. Гралі яны ўважліва і ўзважана, без усплёскаў, перагібаў і асаблівых патуг, якасна і добрасумленна. Але першымі быць, які б вопыт не быў назапашаны, складана. Публіка на пачатку не рэагуе на музыку ўвогуле. Пакуль застылы, як лёд на Дзвіне, натоўп лыпаў вачыма, метал усё ж такі пранікаў у галовы і разганяў кроў па целе, настройваючы на адпаведны лад.
Пераняў эстафету “Hellocost”. Другі раз “Live in Rock” запрашае гэты гурт на свае канцэрты. І другі раз яны “ўзрываюць” сваім запалам і энергетыкай мясцовы палац культуры. Будучы азнаёмленай з творчасцю гурта крыху больш, чым сярэднестатыстычны наведвальнік фэстаў полацкага рок-клуба, магу сказаць, што тая праграма, якую яны адыгралі на гэты раз – не толькі новыя песні/тэмы, а гэта і Новы Гук, калі не сказаць больш – новы этап развіцця іх творчасці. Прысутныя не проста прачнуліся пад час гэтага выступу, а на хвалях эйфарыі ад усплёску адрэналіну ў крыві (і ў паветры) аддаліся дабраякаснаму слэму і добранька так пакайфавалі пад хэлакостаўскі “porno-bred-core”.
За імі граў таксама віцебскі гурт – “I.M.P.”. Адзіны за вечар жаночы вакал, нечакана моцны і ўпэўнены, парадаваў галоўным чынам ужо сваёй наяўнасцю на андэграўнд-сцэне. Але што засталося пасля выступу “пакалення, замарочанага на чым-небудзь”? Нічога асаблівага ды глыбокае адчуванне неарганічнасці, даходзячае да ўражання, што склад гурта выпадковы ці часовы. Два гітарыста больш нагадвалі музыкаў “на падмене”, чым сталы састаў – на столькі яны выглядалі абыякавымі да таго, што адбывалася. Напэўна, ёсць сэнс калектыву заняцца пошукам “свайго твару”, адзінага і арганічнага, калі яны сапраўды хочуць, каб іх успрымалі як “пакаленне” ці хаця б як цэласны музычны гурт.
“Raven Throne” працягнулі black-metal-ам з элементамі pagan-metal і запомніліся ў асноўным тым, што ў адрозненне ад папярэдніх выступоўцаў усё ў іх вытрымана ў адным рэчышчы: і знешнасць, і рухі, і гукі – прыхільнікі засталіся задаволенымі.
Каментаваць выступ гурта “Alert” не лічу мэтазгодным, бо гэта – сфера дзейнасці спецыяліста-псіхіятара. Фашызм, нацызм, скінхэдізм (і бог яшчэ ведае што) – не памылка арганізатараў канцэрту, а хвароба грамадства.
Калі да выступу рыхтаваўся наступны гурт, я ўсё глядзела на іх маечкі ў стразах і думала, што зараз жа іх парвуць. “2Nel” – гламурна-пафасная помесь “бульдога з насарогам” (метала з панкам і эма) англамоўнай накіраванасці выглядала разнашэрсна і абсурдна. Неабгрунтаваная зорнасць і панты – што стаіць за гэтым? З канструктыўных прапаноў: працаваць над стылістычнай цэласнасцю удзельнікаў гурта – па-першае і менш дасягальнае – паспрабаваць пазбаўляцца ад прымітыўна-дэпрэсіўных эма-тэкстаў, спрабуючы праявіць інтэлект і індывідуальнасць.
Госці з г. Горкі – гурт “NecroZIS” па свайму ўзроўню быў, бадай, адным з лепшых у гэты вечар і даў палачанам высакаякаснага трэш-металу. Клавішныя партыі надавалі пэўнага містыцызму, харызматычныя музыкі ўзмацнялі ўражанне, людзі слэмілі, але… Напэўна ў Зімы былі свае планы на гэты сезон і “металічнае гуканне” Вясны ў іх не ўваходзіла. Тэхніка не вытрымала. Яшчэ колькі хвілін барабаншчык “NecroZIS” выдаваў шыкоўнае сола, запаўняючы тэхнічную “кому”, а потым канцэрт быў аб’яўлены завершаным. Людзі пачалі разыходзіцца, музыкі сабралі інструменты, а гукарэжысёры… зрабілі “маленькае цуда” і з’явілася магчымасць працягваць. “NecroZIS” скончылі свой выступ і сышлі, але спадзяюся – гурт яшчэ неаднаразова будзе запрошаны ў Полацк на канцэрты “Live in Rock” і ўжо без перашкод адыграе сваю праграму.
“Devill Waltz” працягнулі канцэрт. Актыўныя ўдзельнікі канцэртнага жыцця полацкага рок-клуба, яны і ў гэты раз пачаставалі публіку самаадданым смачным лірычным death-metal-ам. Метадычнасцю, паступовасцю, глыбінёй і прыхільнасцю непасрэдна да творчага (а не знешне-паказнога) першапачатку гурт выклікае шчырую павагу і высокую ступень прызнання ў слухачоў.
Апошнімі гралі дэбютанты – гурт “Grimasa”. Наваполацкія рок-зоркі ўпершыню выступалі на сцэне і трэба аддаць ім належнае – гэта было вельмі і вельмі дастойна. Яны заявілі аб сабе не як аб “маладых і нявопытных”, а як аб аб’ектыўна перспектыўных музыках. Спадзяюся, іх творчы шлях будзе плённым, багатым на поспехі і дасягненні ў абраным накірунку, а кожны наступны крок – якасна прагрэсіўны крок наперад.
Амаль чатыры гадзіны калектывы з розных гарадоў “Гукалі Вясну” – моцна і гучна. І пасля таго, як Яна пачаставала гэткага металічнага перцу ці застаўся ў шаноўнай варыянт дзесьці яшчэ затрымлівацца і не надыходзіць там, дзе ўжо зачакаліся і з такім энтузіязмам пяюць у Яе гонар.
З Вясной Вас, спадарства, з Вясной!