“Віцебск” не прайшоў у паўфінал Кубка Беларусі па футболе
Унічыю 1:1 сыграў ФК “Віцебск” у адказным чвэрцьфінальным матчы Кубка Беларусі з грандам айчыннага футбола – барысаўскім БАТЭ. Нягледзячы на нядрэнны вынік гэтага паядынку, які прайшоў 21 сакавіка на штучным полі віцебскага Цэнтральнага спартыўнага комплекса, змагацца за ганаровы трафей нашы землякі больш не будуць.
БАТЭ перамог па суме двух матчаў – нагадаем, што першая сустрэча гэтых каманд у мінскім футбольным манежы скончылася перамогай барысаўчан з мінімальным лікам 1:0.Лік сённяшняга матча быў адкрыты на 68-й хвіліне – барысаўскія заўзятары радаваліся за майстэрства свайго Сяргея Крыўца. Праз 14 хвілін радасць прыйшла і ў стан віцяблян, калі гол у адказ забіў Арцём Косак.
На думку галоўнага трэнера БАТЭ Віктара Ганчарэнкі, вынік гэтай сустрэчы “заканамерны”. “Што тычыцца гульні, то ў першым тайме было больш сумбура. У другой жа палове з’явілася вастрыня і небяспечныя моманты з абодвух бакоў. Нічыя – па справе, і яна нас цалкам задаволіла”, – прыводзіць словы В.Ганчарэнкі “Прессбол”.
Галоўны трэнер “Віцебска” Аляксандр Хацкевіч застаўся задаволены сваімі выхаванцамі, а іхнія няўдачы спісаў на лёсаванне. “Нам не пашанцавала з лёсаваннем. Трапілі на мацнейшую каманду Беларусі. З другога боку атрымалі добры вопыт. У першай гульні БАТЭ меў татальную перавагу, але Кубак складаецца з двух матчаў. Сёння вынік выйшаў на першы план. Мы выніка не дасягнулі, але сваёй камандай я задаволены”, – адзначыў А.Хацкевіч.
Акрамя БАТЭ, паўфіналістамі розыгрышу Кубка Беларусі-2008/2009 па футболе сталі салігорскі “Шахцёр”, гродзенскі “Нёман” і, што прыемна, нашы землякі – наваполацкі “Нафтан”. Паўфінальныя матчы пройдуць 8-9 і 22 красавіка, фінал – у апошні дзень траўня.