Спяшайцеся бачыць птушыны базар на Дзвіне
Калонія чаек, якая гняздуецца на даху аднаго з завадскіх карпусоў на беразе Дзвіны, 1 красавіка вярнулася ў Віцебск з выраю. Увечары ўчастак ракі паміж мастамі Кірава і Блахіна ператвараецца ў сапраўдны птушыны базар, запоўнены некалькімі сотнямі чаек.
Згаладалыя пад час доўгага шляху да дому птушкі смела падлятаюць да цікаўных, і хапаюць у паветры кавалкі хлеба. У падзяку за гасцінец чайкі дэманструюць віцяблянам сапраўдны атракцыён — яны катаюцца па Дзвіне на крыгах. Пасадка адбываецца каля моста імя Кірава, дзе зграя рассаджваецца на ільдзіны, на якіх і вандруе да моста імя Блахіна. Там увесь птушыны кагал з шумам і віскам падымаецца ў паветра і спяшаецца на першапачатковую кропку, аб заняць лепшыя месцы на крыгах.
Як патлумачыла “Народным навінам Віцебска” сябра грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Ірына Сінкевіч, у такіх паводзінах чаек няма нічога дзіўнага — пачынаецца шлюбны перыяд, калі птушкі вядуць вясельныя гульні, ствараюць пары і рыхтуюцца рабіць гнёзды.
Нагадаем, што на завадскім корпусе на беразе ракі ў Віцебску жывуць не толькі звычайныя чайкі, але і калоніі шызай і серабрыстай чакі, які занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.