У Віцебскім заапарку з’явіліся новыя жыхары
“Вясна чароўная, вясна іскрыстая ў краіну родную прыйшла...” І радуюцца ёй усе – ад малой кузуркі да вялікага ільва. Карэспандэнты “Народных навін Віцебска” адправіліся ў гарадскі заапарк – паназіраць за тым, як ажыла і абудзілася прырода, як сустракаюць гэту найцудоўнейшую пару года жывёлы і птушкі...
Дырэктар Віцебскага заапарка Аляксей Андрэйкоў адразу высыпаў на нас цэлы мех вясновых навін:
– Па-першае, у нас з’явіліся новыя жыхары. Некалькі тыдняў таму з Мінскага заапарка мы прывезлі парачку камерунскіх казлянят. Іх адразу ж палюбілі ўсе маленькія наведвальнікі. Бачаць іх на уваходзе і крычаць у захапленні: “Ой, козлікі!” Другі наш нядаўні набытак – тры кітайскія шаўковыя курачкі і пеўнік. Вось паглядзіце, якія яны незвычайныя: упрыгожваюць курачак сіне-блакітныя “завушніцы”, а іхняе пер’е падобна на поўсць. А яшчэ ў іх 5-6 пальцаў на лапах, у звычайных кур – толькі тры. Цікава, што мяса гэтых птушак – чорнае. Аднак яно карыснае, і кітайцы робяць з яго лекі, якія ачышчаюць кроў.
Дзівосных курачак пасялілі ў вальер, дзе жывуць ангорскія марскія свінкі і пеўчыя птушкі. Пярнатых шмат, і толькі спецыялісты могуць адрозніць, калі спявае чыж, а калі шчыгол, зелянушка, амялушка, канарэйка ці чачотка. Што тычыцца марскіх свінак, то ўвесь парадокс у тым, што гэта жывёла ніколі не мела ніякіх адносінаў ні да мора, ні да свінняў. А называецца яна так, таму што трапіла ў Еўропу з-за мора, дакладней нават, з-за акіяна – з Паўднёвай Амерыкі, дзе сустракаецца ў дзікім стане і зараз.
Яшчэ два набыткі жывуць пакуль што ў дырэктарскім кабінеце, пад ягоным асабістым наглядам. Гэта жук зафобас, якога вырошчваюць спецыяльна ў якасці корма для павукоў, скарпіёнаў, чарапах і яшчарак. У другім кантэйнеры знайшоў часовы прытулак гіганцкі афрыканскі смоўж ахаціна – самы буйны прадстаўнік сярод сухапутных малюскаў (дасягае да 30 см у даўжыню). Гэты смоўж з вачыма на канцах шчупальцаў шкодзіць сельскагаспадарчым раслінам, асабліва цукроваму трыснёгу, бананам і цытрусавым. Для ЗША ахаціна – сапраўднае нацыянальнае бедства: у Фларыдзе яны так размножыліся, што знішчылі ў штаце усё – і палеткі, і кару на дрэвах, і нават атынкоўку на дамах! Гэта не жарт, каб будаваць ракушку, смаўжам патрэбны кальцый, вось яны яго і здабывалі, аблізваючы фасады дамоў. Таму ўсе ахаціны, якія трапляюць у ЗША, заслугоўваюць смяротнага пакарання, а аматарам гэтых жывёл даюць 5 гадоў турмы. У Еўропе гэтыя шкоднікі палёў ў прыродзе не выжываюць, і іх часта разводзяць у садах і тэрарыумах.
Не так даўно ў заапарку з’явілася і перламутравая нутрыя. Гэта не надта ахайнае, але досыць мілае стварэнне. Перад тым як згрызці морквіну ці бурак, нутрыя абавязкова памочыць гародніну ў вадзе, якая наліта ў тазіку побач.
Далейшую экскурсію для нас ладзіць ужо супрацоўніца па дагляду за жывёламі Наталля Пятроўна Жывадрова: “У нашага паўліна адрос новы хвост. Мінулым летам прыгажун пачаў ліняць. Дзесьці ў снежні хвост стаў адрастаць, і зараз паўлін зноў ім хварсіць. Асабліва любіць распускаць яго, калі свеціць сонейка”.
А вось тыгроваму пітону Пітошы, па-мойму, усё адно, вясна ці зіма на двары, сонейка ці дождж. Жыве ён у гордай адзіноце і практычна ўвесь час спіць. “Ён становіцца актыўны на світанні, а таксама з наступленнем цемры. Тады пачынае поўзаць ці купацца ў басейне. Есць ён усяго раз на месяц, але патрабуе толькі жывы корм – трусоў, марскіх свінак. На мёртвых нават не рэагуе. Калі Пітоша не надта галодны, яго можна выпусціць з клеткі, каб ён крыху пабыў на волі. Пітон поўзае, а мы можам хадзіць побач, рабіць уборку. Канешне, такія прагулкі адбываюцца, калі ў зале няма нікога з наведнікаў”, – распавядае нам спадарыня Наталля пра пітонава жыццё-быццё.
Ёсць спадзеў, што сёлета абзавядуцца патомствам заапаркавыя буслы. Зараз яны якраз дабудоўваюць гняздо. “Працаваць над сваім домам яны пачалі дзесьці месяц таму. Спачатку насілі розныя палачкі, а зараз шукаюць траву, мох, што-небудзь мяккае. Летась яны спрабавалі звіць гняздо, ды нешта кінулі. А ў гэтым годзе ўзяліся за справу больш старанна, можа, і вывядуць птушанят”, – кажа Наталля Пятроўна. Цікава, што жыхары віцебскага заапарка ладзяць гняздо не на дрэве, як гэта бывае звычайна, а на вялікай карчажыне, амаль што на зямлі. Але з’ява гэта не унікальная – проста ў птушак пашкоджаныя крылы, і яны не могуць лётаць.
І яшчэ адна радасная навіна: старажыл і талісман віцебскага заапарка 22-гадовы леў Рыгус выдатна адчувае сябе пасля аперацыі, якую ён перанёс у лютым. Нагадаем, што спецыялісты ветакадэміі выдалілі яму ўросшыя кіпцюры на пярэдніх лапах.
– Ходзяць чуткі, што леў памёр, людзі тэлефануюць у заапарк і выказваюць спачуванні. Дык вось напішыце, што наш Рыгус жывы-здаровы, – папрасіў дырэктар заапарка Аляксей Андрэйкоў.
Мяркуючы па тым, што лёва штодзень з’ядае па 10 кг ялавічыны, актыўна рухаецца, любіць гуляць з колам, якое вісіць у ягонай клетцы, хвароба і сапраўды больш не турбуе немаладога ўжо Рыгуса. Падчас нашага візіту леў спаў у сваім вальеры, але, пачуўшы ласкавы голас Наталлі Пятроўны, выйшаў і дазволіў супрацоўніцы заапарка пачухаць сябе за вушкам. Ляніва пакратаў лапай кола, аднак вельмі хутка страціў да нас цікавасць – нездарма ж ён цар звяроў...