Літва патрабуе Бульку
Літоўская юстыцыя выдала эўрапейскі ордэр на арышт 83-гадовага сьвятара зь Беларусі Юозаса Булькі, які абвінавачваецца ў генацыдзе, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на экумэнічнае агенцтва ENI.
Паводле інфармацыі агенцтва, у 1950-я гады гэты сьвятар супрацоўнічаў з камуністычнымі ўладамі і дапамагаў ім адсочваць і забіваць партызанаў, так званых “лясных братоў”. Юозас Булька нібыта спачатку змагаўся на баку лясных братоў, а потым быў завербаваны органамі ГБ і супрацоўнічаў з імі пад мянушкай “Бімба”. Запыт аб выдачы бадай, самага знакамітага беларускага ксяндза накіраваны генэральнаму пракурору Беларусі, паведамляе Радыё Свабода. Да таго ж, калі пан Булька выедзе з Беларусі у любую з краін Эўразвязу, ён будзе арыштаваны. 83-гадоваму ксяндзу пагражае турэмнае зняволенне тэрмінам да 25 гадоў. Сам Юозас Булька у размове з карэспандэнтам агенцтва Інтэрфакс абвяргае абвінавачванні і сцвярджае, што на яго ўзвялі паклёп нейкія ворагі, што хочуць пазбавіцца ад няўрымслівага мосарскага барацьбіта з п’янствам.