У Гарадку затопленыя 9 дамоў, паводка працягваецца
На дадзены момант у Гарадку ў выніку разліцця ракі Гаражанкі затопленыя 9 дамоў і 28 двароў. Пакуль што пад’ём вады спыніўся.
Як мы паведамлялі затапленне шэрагу дамоў адбылося з-за моцных дажджоў, якія ішлі апошні тыдзень. Вада выйшла з берагоў ракі Гаражанкі і некаторыя жыхары Гарадка аказаліся ў вадзяной пастцы.
Частка пацярпелых эвакуявалася з зоны затаплення, яны знайшлі прытулак у родных, чыя дамы стаяць вышэй. Аднак іншыя сем’і застаюцца сярод вады не жадаючы пакідаць гаспадарак, таксама некаторыя баяцца, што дамы без гаспадароў могуць абрабаваць.
У той жа час Міністэрства па надзвычайных сітуацыях запэўнівае, што пагрозы далейшага затаплення няма, а таксама нічога не пагражае жыццю і здароўю тых, хто пільнуе свае сядзібы. У Гарадку пастаянна вядзецца кантроль гідралагічнай абстаноўкі.
Ці збіраецца ўлада аказваць якую дапамогу ахвярам стыхіі пакуль не вядома.
“ННВ” дзякуе “Рэгіянальнаму парталу Гарадка” за фотаматэрыялы з месца падзей.