У ВДУ перайменавалі спецыяльнасць
На факультэце беларускай филалогіі и культуры ВДУ імя Машэрава сёлета замест колішняй спецыяльнасці “Беларуская філалогія. Літаратурная работа ў газетах і часопісах” будзе аб’яўлены набор на спецыяльнасць “Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)”. Змены былі ініцыяваныя Мінадукацыі Беларусі.
Як сцвярджаецца на ўніверсітэцкім сайце, справа не толькі ў новай фармулёўцы, але і ў змесце. Новая спецыяльнасць, цытую, “мае несумненныя перавагі перад ранейшай спецыяльнасцю, паколькі дае права і выдатную магчымасць працаўладкавацца не толькі на пасаду літаратурнага супрацоўніка або рэдактара ў сродках масавай інфармацыі (газетах, часопісах, тэлебачанні, радыё), але і ў любых іншых установах, дзе ёсць рэдакцыйна-выдавецкія аддзелы”. Што гэта за “іншыя ўстановы” не ўдакладняецца.
“Спецыяльную ўвагу” абітурыентаў звяртаюць таксама на тое, што новая спецыяльнасць пашырыць кваліфікацыю выпускніка, бо да ранейшай дадасца запіс “Літаратурна-рэдакцыйны супрацоўнік”.
“Разам з тым выпускнікі дадзенай спецыяльнасці атрымліваюць права працаваць выкладчыкамі (настаўнікамі) беларускай мовы і літаратуры”, – сціпла заканчваецца пералік перавагаў.
Конкурс на філалагічныя спецыяльнасці летась быў на дзённым 1,12 і на завочным аддзяленні 0,6 чалавека на месца. Прахадны бал на дзённым аддзяленні склаў 16,4.
Кошт платнага навучання ў верасні 2008 навучальным годзе на дзённай форме складаў 3 160 000 рублёў, на завочнай – 1 487 700 рублёў.