Кіраўніцтва Віцебска плануе зрабіць цэнтрам і сімвалам горада плошчу Перамогі, пра гэта ўчора на паседжанні абласнога савету грамадскага аб’яднання ветэранаў заявіў старшыня абласнога выканаўчага камітэту Аляксандр Косінец.
Цяперашнім сэрцам Віцебска з’яўляецца плошча Свабоды і яе наваколле — тут адбываюцца гарадскія масавыя мерапрыемствы, блізка размешчаныя урадавыя будынкі, гарадская ратуша, драматычны і лялечны тэатры, мастацкі і літаратурны музеі, канцэртны зал “Віцебск”, летні амфітэатр (найбуйнейшая канцэртная пляцоўка Беларусі) і Духаўскі круглік, у якім размешчаны музей Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, аднаўляюцца Васкрасенская і Успенская цэрквы.
Досыць дзіўным выглядае перанос цэнтра горада з гістарычнага асяродка з развітай інфраструктурай устаноў харчавання на былы ўскраек горада. Плошча Перамогі сфармавалася ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя забудовай жылых дамоў. Шматкватэрныя дамы з крамамі на першых паверхах утвараюць тры бакі плошчы, з чацвёртага боку працякае Дзвіна. З устаноў культуры, якія размешчаны ў непасрэднай блізкасці да будучага “цэнтру горада” можна назваць толькі выставачную залу Цэнтра сучаснага мастацтва, Кінатэатр “Беларусь”, які лічыўся найпрыгажэйшым у горадзе (выкарыстаны праект мінскага кінатэатру “Партызан” архітэктара Ю. Шпіта), перабудоўваецца ў крыты рынак і зараз хутчэй нагадвае турэмны будынак.
На плошчы Перамогі ўжо распачаўся рамонт фасадаў дамоў, на адным з якіх размесцяць назву і герб горада (зараз назва і год заснавання размешчаныя на так званым “Сінім доме”). На дэкор будучага цэнтра горада і добраўпарадкаванне месцаў пахаванняў ахвяраў Другой сусветнай вайны на 2009 г. выдзелена 400 мільёнаў рублёў.