Народные новости Витебска

“Вялікі канцэрт” ад “LIVEinROCK” у Полацку

У вялікай залі полацкага гарадскога Палаца культуры 25 сакавіка пры падтрымцы кампаніі “Budzma” адбыўся “Вялікі канцэрт” з удзелам гуртоў “Ulis”, “Indra”, “Kripa”, “Уяві сабе”, “Eе_Zімa”, “Белы Дом”. Суботнім вечарам на адной сцэне гралі музыкі-дэбютанты і вопытныя майстры музычнай справы. Прагучалі песні на ангельскай, рускай і беларускай мовах у стылях ад gothic-rock-а да krishna-core-а.

Канцэрт распачалі музыкі гурта “Eе_Zімa”, скаваныя напэўна яшчэ зімовымі халадамі хваляваннямі першага выступу на сцэне. Першага не толькі па чарзе выступоўцаў, але і першага ў творчым жыцці калектыва. Што з сябе прадстаўляе гурт? Англамоўны gothic-rock з дзявочым вакалам. Аб’ектыўна – яшчэ шмат працы наперадзе: па пошуку гука, удасканалванню матэрыялаў, сцэнічнага вобразу. Добры старт цяпер патрабуе няспыннай працы над сабой і над творчым працэсам, але закладзены ў іх патэнцыял, думаю, будзе добрым залогам гэтых працэсаў.

Зачараваную прахалоду полацкага гатычнага року ў адно імгненне разагналі ўсім добра вядомыя і многімі любімыя наваполацкія панкі – “Белы Дом” – з нязменным спрытам, неўтаймаванасцю, пазітывам і адрыналінам.

“KRIPA” – такія смешныя, калі скочуць, такія сур’ёзныя, калі “Харе Кришна”. Не прытрымліваючыся канкрэтных стылей ды напрамкаў нясуць яны старажытныя мантры на санскрыце пад акампанементы далёка не малельнага характару. А ў галаве толькі думкі пра тое, што ўсё гэта – чужыя традыцыі і чужая культура-вера. І пра тое, што сёння сродкі сучасныя, моцныя і безадказныя (у шматлікіх сэнсах гэтых слоў) у ланцужку “моладзь-упендзюрыць-цяжкая музыка-транс-прасвятленне-хары крышна” можна ўкладаць у падсвядомасць натоўпу што заўгодна. “І тут Астапа панесла…” Але ж не пра тое. Вось тут і зараз я была рада іх музыцы, іх гукам і іх мантрам. І тое “прасвятленне”, якое яны неслі са сцэны, хацелася ўбіраць у сябе. Праўда, не доўга. Ад ачаравання ўсім крышнаіцкім букетам вельмі хутка застаецца ачараванне толькі іх музыкай – шматварыятыўнай, багатай і прафесійнай. Хочацца бачыць іх, слухаць. Але па рэцэпту: “маленькімі порцыямі”, каб не паспявала развеіцца ачараванне іх спецыфічнасці.
Віцебскую плыню канцэрта працягнуў гурт “Уяві Сабе”. Трэці раз яны выступаюць на сцэне полацкага рок-клубу, і трэці раз – новым складам. Стан пошуку, эксперыменту і перамен з самых пачаткаў вынікае ў іх творчым Шляху і непазбежна ўносіць свае карэктывы ў адбываючаеся. У гэты раз да “асновы асноў” быў далучаны вакал. Рэп. І хто можа дакладна адказаць – памылка то, ці не? Ніхто, бо гэта чарговы крок у развіцці і эксперыментаванні. З чаго я пачала пра памылкі? З таго, што публіка ў нас часам моцна перабольшвае катэгарычнасць успрымання і сваю аўтарытэтнасць. Так падчас другой песні, якая вельмі не спадабалася слухачам сваім рэп-ухілам, быў зроблены безпрэцыдзентны крок. Гурт быў закіданы скамячанымі паперкамі і з залы даносілася “Мяса!” і “Уходи!” Моцна і безкампрамісна. Людзі!. Як вы так можаце? Назавіце мяне яшчэ сто разоў німфеткай ці кім заўгодна, але вам прывезлі Музыку, сваю творчасць, сваю работу. Дык хто вы такія, каб яе абкрыкваць? Згодна, склад гурта зараз больш нагадвае піццу адразу з усімі магчымымі начынкамі, якія туды можна ўпіхнуць, але ж… Лепш заплюшчыце вочы ды паслухайце… ужо трэцюю кампазіцыю, якую, пасля разваг і сумнёваў усё ж такі зайгралі тыя, каму наканавана ў гэтым жыцці ісці далей і вышэй за многіх іншых. У іх ёсць Шлях. У іх ёсць Музыка. А крыклівыя людзі з паперкамі – не першая інстанцыя ацэнкі чужой творчасці.
У гэты час за кулісамі лілэр гурта “Ulis”, Вячаслаў Корань, прыслухоўваецца да музыкі маладога гурта і ўсміхаецца задуменна. Паверце, хто хацеў у гэты вечар пачуць “Уяві Сабе”, той пачуў.
А на сцэне ўжо тыя, дзякуючы каму адбывалася апісваемае мерапрыемства. “Indra”. Тэхнічны замін даў магчымасць прысутным атрымаць шыкоўнае імправізаванае гітарнае сола. Калі ж усё было наладжана – паліўся той самы непаўторны, адзінаму гэтаму гурту характэрны, энергетычны паток з сонца, усмешак і харызмы. Песні былі любімыя, песні былі добрыя. У гэты ж вечар гурт прэзентаваў “з пылу з жару” новую песню “Першы”. Уражанні ад гэтага выступлення прыемныя, эмоцыі – пазітыўныя.

Закрываў канцэрт спецыяльна запрошаны госць – гурт “Ulis”. Легенды нашай рок-сцэны і нашай рок-гісторыі падаравалі Полацку хвіліны жыцця, напоўненага моцай ідэі і вопыту. “Новае лязо старога нажа” адкідвае фальш, дробязь, неістотнае, пакідаючы непадробнае і шчырае, галоўнае. Тэхнічнасцю і майстэрствам “Ulis” ачараваў адніх, душэўнасцю – іншых, але не было нікога, хто б застаўсяў расчараваным. Была то свядомая сустрэча з любімым гуртом ці выпадковае знаёмства з іх творчасцю – у любым выпадку ўсе адчулі ў пэўны момант асалоду музычнай эйфарыі – і гурманы і навічкі. На сёняшні дзень “Ulis” – гэта: Вячаслаў Корань (гітара і вакал), Віктар Самарукаў (бас-гітара), Павел Ярмачэнка (бубны) і Наталля Куніцкая (клавішы). Менавіта гэтыя людзі зрабілі полацкі канцэрт па-сапраўднаму Вялікім. Хочацца верыць, што яшчэ не раз легендарны калектыў прыедзе з канцэртамі ў “LIVEinROCK”.