Удава Васіля Быкава наведала Віцебск і Полацк

Удава народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава Ірына Быкава напярэдадні, 14 траўня, наведала Віцебск і Полацк. Разам з ёй з жыхарамі Прыдзвінскага краю сустрэліся старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч і рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч. (Перад гэтым Ірына Быкава прыязджала ў Віцебск тры гады таму, у чэрвені 2006 года, каб узяць удзел у літаратурным свяце, прысвечаным 82-й гадавіне з дня нараджэння В.Быкава, якое прайшло тады ў парку Мазурына).
Ускладанне кветак да мемарыяльнай дошкі Васіля Быкава. Фота Людмілы Сіманёнак

Ускладанне кветак да мемарыяльнай дошкі Васіля Быкава. Фота Людмілы СіманёнакСпачатку госці пабывалі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, дзе выступілі перад студэнтамі і выкладчыкамі. У Віцебску Ірына Міхайлаўна ўпершыню ўбачыла мемарыяльную дошку ў гонар свайго мужа, размешчаную на будынку дзіцячай мастацкай школы №1. Тут раней знаходзілася мастацкае вучылішча, у якім перад вайной, у 1939-1940 гадах, на скульптурным аддзяленні вучыўся будучы класік беларускай літаратуры.

Адкрыццё дошкі адбылося летась 25 верасня, аднак удава пісьменніка тады не прысутнічала на гэтай імпрэзе. Таму пазнаёміцца з аўтарамі бронзавай выявы – віцебскімі скульптарамі Аляксандрам Гвоздзікавым і Валерыем Магучым – спадарыня Ірына здолела толькі ўчора. Яна сфатаграфавалася з імі на памяць, выказала ім падзяку і адзначыла, што на іхнім творы «Васіль падобны на сябе». І.Быкава, віцебскія пісьменнікі, сябры “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі.

Затым удава літаратара пабывала ў Віцебскай абласной бібліятэцы. У падарунак ёй яна перадала сёмы і восьмы тамы апошняга поўнага збору твораў В.Быкава. У планах Ірыны Міхайлаўны таксама перадаць яшчэ некалькі кніг з асабістай бібліятэкі.

Пасля госці былі запрошаны ў віцебскі “Еўрапейскі клуб”. І.Быкава адказала на пытанні прыхільнікаў творчасці свайго мужа. Спяваў мінскі бард Кастусь Герашчанка, выступілі пісьменнікі А.Пашкевіч і Б.Пятровіч.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ