Гэтае пытанне раздзяліла жыхароў дома, вядомага, як “подзвіг савецкага народа бессмяротны”, на 2 лагеры. Справа ў тым, што нядаўна гарадское кіраўніцтва на месца пачало збіраць подпісы згодных на рэканструкцыю шматпакутнай плошчы.
І смех і грэх: відаць, толькі ў нас такія рэчы здзяйсняюцца ў адваротным парадку: напачатку дэмантаж плошчы, потым складанне праекта і пошук інвестараў (вялізнае пытанне, ці знойдзены яны на сённяшні час) і нарэшце “выяўленне меркавання жыхароў” (у косках – цытата аднаго з дасланых зборшчыкаў подпісаў).
Ля аднаго з пад’ездаў – звычайны школьны псіхолаг, стаіць з лістом з праектам. На ім малюнкі дома, крыху зеляніны (здымкі чырвонай плошчы і плошчы ў Мінску, пра якія пісала “ННВ”, прыбраны) і план, у якім бабулі дома наўрад ці разбяруцца. Паказваючы на праект, яна стамлёна гаворыць нешта пра “европейскую площадь”. Побач стаіць міліцыянт (раптам да бойкі дойдзе?), глядзіць на ўсіх падазрона і нацята. Жыхары хорам енчаць.
На пытанні жыхароў “царёвы люди” не могуць кампетэнтна адказаць, бо самі не валодаюць інфармацыяй. Вельмі хітры ход з боку кіраўніцтва: усунуць у агонь людзей, якія самі не ў курсе і якіх народ пашкадуе, бо ж ім пасля працы даводзіцца бегаць. А як мы (жыхары) не пагодзімся, дык ім ад начальства праблемы будуць. Вывад: трэба падпісвацца, і жаласлівыя жыхары падпісваюцца.
Бачу, што тут нічога новага не даведаюся, пераходжу да суседняга пад’езда. Тут цікавей – псіхолаг з педагагічнага універсітэта. Разам з жыхаркай дома, якая падпісалася за сябе і мужа (бо падпісвацца можна за ўсіх паўналетніх членаў сям’і!!!), яна ўгаворвае людзей паставіць подпіс. Агітатары кажуць бабулям: ну, вы ж жадаеце, каб тут была прыгожая еўрапейская плошча? А ці бачылі тыя бабулі тую Еўропу? І тыя плошчы? І, пытанне, якія там плошчы? Прыкрываюцца словам Еўропа. І ўсе думаюць, ну, аўтарытэтна, гэта ж іншае жыццё там.. Неблагі псіхалагічны прыём, праўда? А па-мойму, фантаны, прывезеныя з Мінска, — гэта яшчэ не Еўропа.
Пазней, калі паток жыхароў, якія вярталіся з працы, вычарпаўся, агітатары пачалі хадзіць па кватэрах і збіраць подпісы ўжо там. Гэта наогул асобная тэма, гэтыя паходы настаўнікаў, псіхолагаў па кватэрах падчас выбараў і зараз вось.
Я запытвалася, а што будзе з плошчай, калі большасць не падпішацца? Некалькі разоў. Мне не адказалі.
А пытанне ў іх паперах стаіць так: “вы за рэканструкцыю?” А калі большасць супраць?.. Так усё пакінуць? Ці новымі дрэвамі засадзяць?
Разумею, што няма сэнсу пытацца. І няма сэнсу ў гэтых паперах. Нават калі большасць супраць. Усё роўна правядуць рэканструкцыю і паведамяць у навінах: ўсё робіцца належным чынам, бо насельніцтва апытвалася (а які быў адказ насельніцтва не важна).
І таму абсалютна не мае значэння “за” вы ці “супраць”…