У мінулыя выходныя на полацкай зямлі, як і некалі раней, ізноў гучаў ваяўнічы заклік “Рубон!”. Пляцоўку ля сцен святой Сафіі запоўнілі шматлікія рыцары ў даспехах IХ-XVI стагоддзяў, манахі, лучнікі і дамы. А у палачан і шаноўных гасцей горада была выдатная магчымасць адчуць сябе жыхарамі старажытнага Полацку. Гэта праходзіў II фэст сярэднявечнай культуры “Рубон”.
Фэст атрымаў сваю назву ў гонар гістарычнай назвы Заходняй Дзвіны і старадаўняга баявога клічу полацкіх ваяроў. Як і ў мінулым годзе, арганізатарамі фэсту пры падтрымцы Полацкага гарвыканкама выступіў народны тэатр гістарычнага строю “Полацкі звяз”.
Сёлета тэатралізаваная імпрэза разгарнулася ў гістарычнай частцы горада – на тэрыторыі Верхняга Замка (побач з Сафійскім саборам) і ў мікрараёне Запалоцце каля ракі Палата, дзе праходзіла відовішчнае шоу — фарсіраванне Палаты і штурм замка на гары з ужываннем старажытных аблогавых прылад — інсцэніроўка нападу войскаў Тэўтонскага ордэна ў 1386 году.
У праграму сярэднявечнага свята ўвайшлі турніры рыцараў і лучнікаў, бугурты, “ратна кола”, славянскія танцы і гульні. Сваё майстэрства гледачам прадэманстравалі і рамеснікі: кавалі, ганчары, бондары, збройнікі, ткачы, ювеліры, вырабы якіх можна было набыць на кірмашы.
Фіналам першага дня фэсту сталі камандныя баі — бугурты. Бугурт – гістарычны тэрмін, які азначае масавую бітву падчас турніру, альбо баі група на групу. Менавіта бугурты, а не асобныя паядынкі былі найважнейшай часткай турніраў, асабліва ранніх.
На “Рубоне” гледачы маглі ўбачыць бугурты “Захоп сцяга” (трэба было захапіць сцяг суперніка), “Захоп караля” (захапіць чужога караля), “Мост” (перайсці мост на бок суперніка) і групавыя паядынкі 5х5.
Другі дзень фэсту пачаўся з грукату сярэднявечнай артылерыі і палёту падпаленых стрэл — у Запалоцце была паказана рэканструкцыя штурму замка. Макет замка, створаны навучэнцамі мясцовага ПТВ будаўнікоў, быў усталяваны прыкладна на тым жа месцы, дзе больш шасці стагоддзяў назад знаходзіўся сапраўдны замак. У адрозненні ад мінулага года ён быў павялічаны на 6 метраў з двух бакоў.
Завяршыў свята сярэднявечнай культуры і мастацтва канцэрт вядомай беларускага гурта “Стары Ольса”.