З мяча на гербе Віцебска змылі кроў
У новым варыянце герба Віцебска, які быў зацверджаны указам №277 прэзідэнта Беларусі ад 2 чэрвеня 2009 года, адбыліся невялікія, але адметныя змены.Змяніўся колер мяча пад профілем Ісуса Хрыста – з чырвонага на срэбраны. Зрабіць крывавы колер зброі менш агрэсіўным прапанаваў біскуп віцебскі Уладзіслаў Блін. У адрозненні ад былога герба Віцебска, якім карысталіся з 2004 года, на новым гербе стаў больш выразным профіль Хрыста, а анёлы і херувім-шчытаносец атрымаліся больш лагоднымі і прыгожымі. Дадамо, што ў працы па абнаўленні геральдычнага знака ўдзельнічаў віцебскі мастак Аляксандр Аніськовіч.
Што тычыцца герба Віцебскай вобласці, то за яго аснову ўзялі герб Віцебскай губерніі 1856 года з выявай “Пагоні”. Прыемна, што мясцовыя ўлады адразу ж робяць практычныя крокі па ўжыванні новай сімволікі. Так, напярэдадні “Славянскага базара” выявы герба Віцебскай вобласці павінны паўстаць на ўездах у горад з усіх бакоў. Аб гэтым распарадзіўся старшыня аблвыканкама Аляксандар Косінец на нядаўняй працоўнай нарадзе па падрыхтоўцы Віцебска і Віцебскага раёна да фестывалю. Толькі ўявіце: панаедзе да нас “гасцей з іншаземных абласцей”, а тут іх сустракае старадаўняя “Пагоня”…
Як раней паведамлялі “ННВ”, акрамя гербаў і сцягаў Віцебска і Віцебскай вобласці, прэзідэнт зацвердзіў гербы і сцягі горада Лепеля, г.п. Багушэўск Сенненскага раёна, сцягі горада Сянно і Сенненскага раёна, гарадоў Дзісна, Мёры, Паставы, Чашнікі, г.п. Расоны.
Цікава, што свой герб і сцяг займела і вёска Пераброддзе, што на Мёршчыне. Яна стала першай вёскай на Віцебшчыне, якая абзавялася ўласнымі геральдычнымі сімваламі. Пераброддзе атрымала Магдэбургскае права, а разам з ім і свой герб у 1571 годзе. Адраджэннем геральдыкі заняліся мясцовы актывісты на чале са старшынём сельсавета, а падштухнула іх на гэта развіццё ў вёсцы аграэкатурызма – трэба ж замежнікаў чымсьці завабіць-зацікавіць.
Усяго на сённяшні дзень у Віцебскай вобласці 37 населеных пунктаў маюць гербы, у тым ліку 26 – сцягі. Геральдычныя сімвалы ёсць ўва ўсіх райцэнтраў, гарадоў раённага падпарадкавання. Распрацоўваць сваю геральдыку пачалі таксама пасёлак Бегомль і вёска Бабінавічы Аршанскага раёна.
Чытайце яшчэ
3 каментарыя
Каментаваць
Вы павінны увайсці каб каментаваць.
10/Чэрвень/2009 у 18:45
“Прыемна, што мясцовыя ўлады адразу ж робяць практычныя крокі па ўжыванні новай сімволікі.”
Ну i што тут прыемнага -- зацьвердзiлi царскакаланiяльны сымбаль i зараз усiх гасьцей месца будзе сустракаць варыянт паднявальнай (мiласьцiва падараванай рассейскiм гаспадаром)Пагонi
10/Чэрвень/2009 у 20:13 1
Страціла сэнс славутае “трохи нижей меч голый червоный, что ся мает разуметь кровавый”.
11/Чэрвень/2009 у 8:48 2
Ну так яшчэ адзiн поп-цэнзар свой нос не ведае куды усунуць са сваiмi пацыфiскiмi iдэямi