Да Быкава…
19 чэрвеня народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву споўнілася б 85 гадоў. Карэспандэнты “ННВ” пабывалі надоечы на Вушаччыне – радзіме пісьменніка. Былое мястэчка і будучы аграгарадок Кублічы (тут аўтар “Сотнікава” скончыў сямігодку) сустракае наведнікаў кубістычнай абстракцыяй, якая, як потым выяўляецца, мае ўшаноўваць памяць савецкіх воінаў, што загінулі тут падчас апошняй вайны.
Камяніца Кубліцкай СШ была пабудаваная ў 60-я гады (драўляная школка была спаленая падчас вайны). “Я люблю сваю Радзіму!” – гэты лозунг сустракае кожнага школьніка. Але на падворку сядзіць, медытуючы над падручнікам (няўжо “Гісторыя Беларусі”?), заўжды юны Валодзя Ульянаў...
У школцы ёсць куток Быкава, дзе сабраныя лісты, дакументы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменніка.
У Кублічах жывуць светлыя людзі, а дарогу да Бычкоў (3 км ад Кублічаў), дзе нарадзіўся аўтар аповесці “Пайсці і не вярнуцца”, нам падказваюць негаваркія камяні ды загадкавае вушацкае неба. Аўтобус у Бычкі ходзіць толькі два разы на тыдзень (як і аўталаўка), таму на знаках прыпынку з аўтобусаў “паздымалі” колы.
Музей-сядзіба Быкава пахне свежай фарбай. Гэта насамрэч рэканструкцыя той хаты, дзе жыў пісьменнік, адкуль ён хадзіў у школу і адкуль з’ехаў вучыцца ў Віцебск. Сапраўдная хата пайшла на дровы.
За музеем наглядае зараз Антаніна Аляксандраўна Быкава – жонка малодшага брата пісьменніка. Ейныя успаміны заварожваюць. Ейная беларуская мова – жывая і натуральная.