Народные новости Витебска

Пастаўскія памежнікі атрымаюць новы французскі верталёт Eurocopter AS355 NP Ecureuil 2

Найноўшая мадэль французскага двухматорнага верталёта Eurocopter AS355 NP Ecureuil 2 прымаецца на ўзбраенне беларускімі памежнікамі. Першай еўрапейскую тэхніку выпрабуе асобная авіяцыйная эскадрылля, якая базуецца ў Паставах.

24 чэрвеня. Прыкладна ў 14:00 у аэрапорце “Мінск-1” адбудзецца сустрэча першай французскай машыны. Сустрэць шрубакрылага навабранца прыедзе Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту генерал-маёр Ігар Рачкоўскі, пра гэта паведамляе афіцыйны сайт памежных войскаў.

Eurocopter AS355 NP Ecureuil уяўляе сабой лёгкі двухматорны верталёт узору 2007 году. Машына можа працягваць набор вышыні і палёт нават пры аварыі аднаго з рухавікоў, што забяспечвае ёй сертыфікацыю класа А — толькі з такім сертыфікатам можна здзяйсняць палёты над населенымі пунктамі ў Еўропе. Кошт гэтай мадэлі прыблізна 3.6 мільёнаў амерыканскіх долараў.

Дамова пра пастаўку беларускім памежнікам чатырох французскіх верталётаў была заключаная 25 чэрвеня мінулага году. Паветраную машыну гэткай жа мадэлі ўжо эксплуатуе Міністэрства Унутраных Спраў Рэспублікі Беларусь. Верталёты Eurocopter AS355 нясусць службу ў войсках і паліцыі 15 краін, у тым ліку — Аўстрыі, ЗША і Канады.