Народные новости Витебска

Полацк уступіў у Ганзейскі саюз Новага часу

Рашэнне аб уключэнні старэйшага беларускага горада ў склад гэтага грамадскага аб’яднання прынята на агульным сходзе дэлегатаў ганзейскіх гарадоў, які прайшоў 20 чэрвеня ў Вялікім Ноўгарадзе ў межах ХХIХ Ганзейскіх дзён Новага часу. Як устанавіла спецыяльная камісія Ганзейскага саюза, ў сярэдневякоўі ў Полацку знаходзілася адно з Ганзейскіх бюро.Удзел у гэтым міжнародным праекце будзе садзейнічаць росту прэстыжа Полацка ў еўрапейскай супольнасці і развіццю міжнародных сувязей у сферы турызма і бізнэса. Акрамя Полацка, у склад аб’яднання ўвайшлі два еўрапейскія гарады – Гронінген (Нідэрланды) і Сцікісхольмур (Ісландыя).

Ганзейскі саюз – супольнасць нямецкіх вольных гарадоў у ХIII-XVII стагоддзях у Паўночнай Еўропе, створаны для абароны гандлю і купцоў ад улады феадалаў і пірацтва. У яго ўваходзілі буйныя гарады Германскай імперыі Брэмен, Любек, Кёльн, Берлін, Гамбург і іншыя, а ў неганзейскіх гарадах знаходзіліся прадстаўніцтвы і філіялы Ганзы, як у Полацку, Лондане, Ноўгарадзе.

Ганзейскі саюз Новага часу быў адноўлены ў 1980 годзе па ініцыятыве шэрагу нямецкіх гарадоў. Сябрам аб’яднання можа стаць горад, які ўваходзіў у склад Ганзейскага саюза ў сярэднявечча або меў у той час цесныя стасункі з Ганзай. У старой Ганзе было 225 гарадоў-членаў. Зараз у складзе саюза 173 гарады з 15 еўрапейскіх краін. Сярод іх 12 расійскіх гарадоў, у прыватнасці, Вялікі Ноўгарад, Пскоў, Смаленск, Калінінград, Цвер. Штогод у адным з гарадоў-членаў Новай Ганзы праходзяць міжнародныя Ганзейскія дні. У 2010 годзе яны адбудуцца ў эстонскім Пярну, у 2011 годзе у літоўскім Каўнасе.