Народные новости Витебска

На святкаванні Дня незалежнасці ў Віцебску ўсталююць КПП

З 1 па 5 ліпеня міліцыя Віцебшчыны будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. У цэнтры Віцебска 3 ліпеня, на святкаванні Дня незалежнасці, дзеля бяспекі гараджан будзе створана рэжымна-абмежавальная тэрыторыя з бар’ерамі і кантрольна-прапускнымі пунктамі. Яны будуць усталяваны на вуліцы Леніна – ад плошчы Леніна да плошчы Перамогі.

Трапіць на вуліцу Леніна будзе немагчыма з 7 гадзін раніцы да прыкладна 12 гадзін дня. Удзельнікам святочнай дэманстрацыі – ветэранам, прадстаўнікам працоўных калектываў, спартоўцам, выдадуць спецыяльныя прапускі.

Пасля ўрачыстасці на плошчы Перамогі рух на вуліцы Леніна зноў адновіцца. Аднак каля сцэнічных пляцовак у цэнтры горада таксама будуць стаяць КПП. У радыусе 500 метраў ад цэнтра горада ў продажы не будзе спіртных напояў.

Пасля мінулагодняга выбуху на свяце ў Мінску такія меры бяспекі ў абласным цэнтры і іншых буйных гарадах вобласці будуць прымацца ўпершыню.