У матчы з “Шахцёрам” фартуна адвярнулася ад “Віцебска”
Сёння на віцебскім Цэнтральным спорткомплексе адбылася сустрэча 12-га тура 19-га чэмпіянату Беларусі па футболе. ФК ”Віцебск” прымаў ”Шахцёр” з Салігорска. Перамога за гасцямі сустрэчы – 1:0. Гол ў вароты футбалістаў “Віцебска” на дадатковай хвіліне ў першым тайме забіў паўабаронца “Шахцёра” Андрэй Леончык.
Нягледзячы на паразу, нашы футбалісты паказалі актыўную і вострую гульню. Аднак двойчы ўзяцце варот “Шахцёра” не было залічана галоўным суддзёй матча са Слоніму Георгіем Вярбіцкім. І двойчы госці вымушаны былі выносіць мяч з лініі сваіх варот.
Вышэйназваныя каманды ў чэмпіянатах Беларусі сустракаліся ў 31-ы раз. У 14 сустрэчах перамагалі футбалісты “Віцебска”, ў 13 паядынках – футбалісты ”Шахцёра”. Чатыры сустрэчы скончыліся ўнічыю.
Сёння таксама сваю чарговую сутрэчу правёў наваполацкі “Нафтан”, які сустракаўся з “Гранітам” з Мікашэвічаў. Матч скончыўся з лікам 2:0 на карысць”Нафтана”.