Народные новости Витебска

Леанід Свецік застаецца на свабодзе коштам 11 000 долараў

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік прызнаны вінаватым у распальванні нацыянальнай і расавай варажнечы (130 артыкул КК). Суддзя Віцебскага абласнога суду Галіна Урбановіч пакарала яго штрафам у памеры 900 базавых велічыняў (31 мільён 500 тысяч рублёў або каля 11 тысяч долараў ЗША).

Акрамя штрафу праваабаронца мусіць кампенсаваць дзяржаве выдаткі на экспертызу — 1 142 501 рубель і кампенсаваць маральныя страты старшыні віцебскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамары Красновай Гусачэнка ў памеры 1 мільёна рублёў. Таксама з яго спагоняць судовую пошліну ў суме 105 000 рублёў.

Леаніда Свеціка абвінавачвалі ў тым, што ён дасылаў лісты з пагрозамі віцебскім апазіцыянерам ад імя «Русского национального единства» (РНЕ), чым распальваў нацыянальную і расавую варажнечу (артыкул 130 КК). Спачатку Свецік праходзіў па справе як сведка, а потым — падазраваны. Крымінальная справа прыпынялася, але была адноўленая 31 сакавіка 2009 года.

З прысудам, вынесеным сёння, віцебскі праваабаронца катэгарычна ня згодны. Леанід Свецік паведаміў, што лічыць гэты прысуд абсурдным і збіраецца абскардзіць яго ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.