Побач з полацкім гарвыканкамам ідуць археалагічныя раскопкі
На галоўнай плошчы Полацка, недалёка ад будынка гарвыканкама, зараз ідуць археалагічныя раскопкі, якія праводзяць супрацоўнікі Полацкага дзяржаўнага універсітэта сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Даследчыкі пацвердзілі звесткі аб тым, што на цяперашняй плошчы Свабоды некалі знаходзіўся заможны жылы раён і кірмашовая плошча. Археолагі знайшлі старажытную драўляную маставую, манеты, бусы, кавальскія клешчы і ўнікальныя нацельныя крыжы-машчавікі, якія знаходзілі ў Полацку толькі аднойчы, у пазамінулым стагоддзі.
Археолагі таксама даследуюць рэшткі фундаменту помніка героям 1812 года. Новы манумент, на аднаўленне якога выдаткавана 45 мільёнаў рублёў з бюджэту Саюзнай дзяржавы, плануюць усталяваць на гэтым жа месцы восенню гэтага года.
Паводле БелТА.