Вялікага футбольнага відовішча, адным з галоўных герояў якога з’яўляўся наваполацкі “Нафтан”, у бліжэйшы час не будзе. На вялікі жаль усіх аматараў, якія так спадзяваліся, што навапалачане ўчора ўсё ж такі здолеюць перамагчы ў гасцях бельгійскі “Гент”, выйдуць у наступны раўнд Лігі Еўропы і прывязуць у Віцебск свайго новага тытулаванага суперніка – рымскую “Рому”. Шкада, але “Рома” нам пакуль не па зубах...
Гаспадарам поля ў далёкім Генце, пэўна, добра дапамагалі родныя сцены – яны ўзялі верх над беларусамі з мінімальным адрывам – 1:0. Гол на 54-й хвіліне забіў нападаючы бельгійцаў Ясін Эль-Ганасі.
Нагадаем, што тыдзень таму ў Віцебску навапалачане перамаглі з лікам 2:1. “Карціну маслам” сапсаваў гол, забіты бельгійцамі на самай апошняй хвіліне той сустрэчы. Ён жа, гэты злашчасны гол, і вырашыў лёс “Нафтана” ў сёлетняй Лізе Еўропы – дзякуючы яму “Гент” выбіў беларусаў з далейшага ўдзелу ў прэстыжным еўратурніры.
Сумную кампанію “Нафтану” склалі мінскія клубы МТЗ-РІПА і “Дынама”, якія ўчора таксама скончылі выступленне ў Лізе Еўропы.