Знойдзеныя ў балоце пад Дуброўна фрагменты самалёта перадалі ў музей авіяцыі
Нядаўна знойдзеныя ў балоце пад Дуброўна фрагменты штурмавіка Іл-2 часоў Вялікай Айчыннай вайны зацікавілі спецыялістаў з тэхнічнай кропкі гледжання і былі перададзены ў музей авіяцыі Цэнтральнага аэраклуба ДААСАФ у пасёлку Баравая пад Мінскам.
Спецыялісты мяркуюць, што гэта быў вопытны экзэмпляр 1944 года: усе дэталі самалёта не былі пазначаны завадскімі нумарамі, корпус самалёта быў зроблены са спецыяльнага бронеліста. Пашукавікі таксама знайшлі шыльду, якая ўказвала на тое, што машына праходзіла выпрабаванні.
На месцы падення самалёта, які быў падбіты і загарэўся ў паветры, знайшлі парэшткі лётчыка, ягоны асабісты пісталет, лісты і грошы, якія захоўваліся ў нагруднай кішэні. Ёсць спадзеў, што пасля ідэнтыфікацыі асобы загінуўшага савецкага афіцэра ўдасца ўстанавіць ягонае прозвішча.
Паводле БелТА.