Народные новости Витебска

Польскі шлях праз беларускія акуляры

Сёлета спаўняецца роўна дваццаць год з тых часоў, калі Польская Рэспубліка выйшла на шлях развітання з сацыялістычнай спадчынай, з незабыўнымі гадамі "народнай дэмакратыі". "Усё пачалося ў Гданьску" – той лейтматыў, які прасочваецца ў доследах прафесійных гісторыкаў і разважаннях простых людзей па той бок нашай мяжы з Еўразвязам. Працэс, нібыта распачаты працаўнікамі судаверфяў, за межамі Польшчы праходзіў ня менш запамінальна, чым на "радзіме". Кранальныя – да слёз – абдымкі немцаў на тле зруйнаванага муру паўстаюць у памяці разам з ня менш уражлівымі – і таксама да слёз – кадрамі з расціснутымі аб брук пратэстоўцаў з Вільні.

Сярод Вугоршчыны, Чэхаславакіі, Нямеччыны, Прыбалтыкі і аж да рэвалюцыяў "руж" і "памаранчаў" вобраз беларускіх працаўнікоў, што акупоўвалі менскую плошчу Леніна ці сядзелі на аршанскіх рэйках губляецца. У чаргу гданьскіх паслядоўнікаў Беларусь не трапляе толькі таму, што вынік нашых змаганняў за актуальны ў тыя часы кавалак хлеба (ну, і за свабоду, натуральна што) перакрэсліў урэшце ўсе патугі. На шчасце, сёння больш пільна на нашых выніках засяроджваюцца не заходнія суседзі, а айчынныя мысляры, якія разважаюць пра адметнасці выхавання, цяжкую спадчыны сталінізма, пакошаны ў шматлікіх войнах генафонд і інш.

Па шчырасці, факт свайго шляху, адрознага ад мэйнстрымаў, што працякалі ў іншых былых краінах СССР і АВД, мяне ў пэўным сэнсе нават цешыць. Нашая ідэнтычнасць, нашая "іншасць", у адказны момант спрацавала менавіта гэтак і ніяк па-іншаму. Пазітыўна гэта ці негатыўна – асобнае пытанне, якое кожны вырашае (альбо вырашаў, альбо ўжо вырашыў) па-рознаму. Пакуль карысней будзе раставіць акцэнты не на тым, што на самым пачатку 1990-х "ў іх атрымалася, а ў нас ня вельмі", а хутчэй на тым, што "яны зрабілі вось гэтак, а мы зрабілі вось так". Засталося толькі высветліць, чаму ж усе зрабілі па-свойму?

І святар, і рабочы, і студэнт

Супрацьстаянне палякаў афіцыйным уладам у мадэрнай гісторыі краіны было досыць канстантным і разнародным. Васьмігадовага досведу сталінізму (па вызначэнню саміх польскіх гісторыкаў гэта перыяд з 1948 па 1956 гады) хапіла, каб па першых павевах пераменаў запатрабаваць сабе хаця б падвышэння заработнай платы – менавіта пад такім лозунгам рабочыя Познані ў чэрвені 1956 году выйшлі на стыхійны мітынг, пазней пераросшы ва ўзброеную барацьбу на вуліцах гораду і жорстка падаўлены польскімі войскамі. У наступныя гады рэдкае падвышэнне цэнаў не суправаджалася выступленнямі ў прамысловых Гданьску, Шчэціне, Лодзі, Радаме, Плоцку. 1970-ы, 1971-ы, 1976-ы, і, канешне, 1980-ы, год нараджэння "Салідарнасці", – у кожны з гэтых гадоў ПНР скалыналі дэманстрацыі, страйкі, пратэстныя маршы. Прычым, пралетарыят быў далёка не самотным у сваёй справе, гэтак ў 1968 г. натхніўшыся ў варшаўскім Нацыянальным тэатры "Дзядамі" да помніка Міцкевіча пайшло бунтаваць студэнцтва, у 57-ым яно ж на вуліцах Варшавы пратэставала супраць закрыцця папулярнага часопісу "Папросту". Не адставала і творчая інтэлігенцыя, пішучы калектыўныя лісты і адкрыта выступаючы ў абарону роднай культуры і гісторыі.

Акрамя рабочых, навучэнцаў і інтэлігенцыі, надзвычай важным каменьчыкам грамадскага руху было святарства, ці нават шырэй – каталіцкая вера. Касцёл лічыўся настолькі неадарвальнай часткай польскай самасвядомасці, што знішчаць яго ў сацыялістычнай рэспубліцы ніхто толкам нават не спрабаваў. Бадай, дасягненнямі максімум сталіся абмежаванне (не забарона!) на будоўлю новых храмаў і скасаванне рэлігійных прадметаў ў школе. Усведамленне марнасці супраціву святарам прыйшло досыць хутка: святкаванне ў 1966-ым тысячагоддзя хрысціянства на Польшчы давяло, што ў справах веры супрацьстаяць прыдзецца не прымасу Вышынскаму, а цэламу народу. Што такое дзве дэкады "народнай дэмакратыі" у параўнанні з міленіумнай царквой? Пазней, пад час візітаў Яна Паўла ІІ на сваю радзіму, афіцыйная ўлада была ўжо не супраць з'явіцца на экране тэлевізара з самім пантыфікам.

Нацыя пагрозы

Сёння некаторымі расійскімі палітолагамі артыкулюецца думка пра тое, што "асноўным палажэннем польскай гістарычнай палітыкі ёсць выкліканне ў іншых народаў комплекса віны перад Польшчай і далейшае яе эксплутаванне" (Алег Неменскі). Аднойчы паставіўшыся досыць скептычна да гэтага меркавання, я быў вымушаны вярнуцца да яго пасля знаёмства з кнігай "Гісторыя Польшчы", напісанай польскімі гісторыкамі ў другой палове 80-х гг. ХХ ст. Змест кнігі ўтрымліваў раздзелы кшталту "З Польшчай альбо без Польшчы"... "Барацьба за дзяржаву"..."Пагроза фізічнага вынішчэння"... "Пагроза страты нацыянальнай культуры". Падручнік быў далёкі ад публіцыстычных перасолаў, вытрымаў некалькі перавыданняў і быў складзены сур'ёзнымі навукоўцамі і знаўцамі гісторыі. Але па знаёмству з падобным стаўленнем да ўласнага прошлага заявы А. Неменскага ўжо не падаюцца як мінімум неабачлівымі. Асабліва беларусу, чые падручнікі часам ня лічаць перыядамі пагрозы культурнага і фізічнага вынішчэння нават гады, калі за адну ноч ва ўнутранай вязніцы НКВД растрэльвалася больш за сотню пісьменнікаў, навукоўцаў і грамадскіх дзеячоў. Хаця, можа менавіта дзякуючы гэткаму хваравіта-трапяткому стаўленню да ўласнага прошлага, да роднай традыцыі, да асабістай памяці, да свайго, урэшце, ўсё і "пачалося ў Гданьску"? Тут варта нагадаць, што зарэгістраваная ў 1980 годзе "Салідарнасць" перажыла забарону, ваеннае становішча, звальненні, турэмныя тэрміны, пастаяннае шэльмаванне ў прэсе і на тэлебачанні на ўсёй прасторы Варшаўскай дамовы, але што самае галоўнае ў гэтым шэрагу – у 1989 г. незалежны прафсаюз ізноў паўстаў у якасці ўплывовай сілы, здольнай давесці сваю справу да канца. Выдае на татальнае адчуванне чарговай "пагрозы".

Вымярэнне БССР

Я нездарма ўклаў у пачатак артыкула колькі гістарычных звестак з другой паловы дваццатага стагоддзя. Падаецца важным проста ўявіць, у наколькі адрозных адзін ад аднога вымярэннях жылі грамадствы БССР і ПНР у пасляваенныя дэкады, каб сталі зразумелымі нашыя крокі пасля здабычы незалежнасці. Супраць васьмі польскіх год сталінізма мы зведалі амаль трыццаць; у гады, калі польскія ўлады асабіста сустракаліся з Папай, ва ўсім Віцебску дзейнічала адна праваслаўная царква ў сучасным Свята-Маркавым манастыры, а каталіцкіх не было ўвогуле; у беларускіх камсамольцаў папросту не было такога "Папросту", за які б не шкада і на вуліцы выйсці, а цэнзурная блакада дзейнічала настолькі трывала, што пра бунт хіпі ў Менску віцебскія хіпаманы даведаліся толькі ў гады перабудовы (і гэта прытым, што субкультурная "пошта" заўсёды працуе вельмі актыўна). Дзякуючы нафтапрыбыткам і наладжанай прамысловай сістэме савецкая дзяржава была ў стане плаціць сваім рабочым прыстойны заробак, каб тыя не дапускалі думак пра нейкія "салідарнасці". Таму, чытаючы чарговыя паведмленні ТАСС, якімі стракацела газета "Віцебскі рабочы", наш працаўнік быў далёкі ад праблем і спачуванняў. "Да становішча ў Польшчы", "Адпор сілам контррэвалюцыі", "Наконт заявы Р.Рэйгана аб падзеях у Польшчы", "Грубы націск на Польшчу" – савецкія СМІ надзвычай пільна апекваліся як братнім, так і "ўласным" народам, нават пасля рэгістрацыя не называючы прафсаюз "Салідарнасць" сваім імем на працягу некалькіх месяцаў і абумаўляючы любы крок толькі прызначанага Войцэха Ярузэльскага "патрабаваннем народу". Але як на "становішча ў Польшчы" і "адпор контррэвалюцыі" рэагавалі звычайныя савецкія грамадзяне? Для высвятлення прыйшлося іх апытаць*.

Аказалася, што вобраз "Польшчы" напрацягу 80-х гадоў атаясамляўся ў віцьбічаў з адным –"эканамічныя праблемы" (відаць у кантрасце з мясцовым застоем). Прычым, нават асобы, што цікавіліся замежным жыццём у тым ліку і з хваляў "Радыё Свабода" ці "BBC" не адмаўляюць таго, што напрацягу 1980-х гг. яны, фактычна, меркавалі ў фарватэры афіцыйнай савецкай прапаганды. Толькі з пачаткам перабудовы стаўленне да польскага прафсаюзнага руху стала змяняцца, але на абшарах савецкіх рэспублік канец 1980-х прынёс столькі падзей, у тым ліку і крывавых, што цікавіцца Польшчай "не было калі". Дарэчы, у мясцовай прэсе 1989 г., куды больш разняволенай, чым раней, аднаўленне афіцыйнага статусу "Салідарнасці" і нават парламенцкія выбары ў ПНР не адлюстраваныя аніякім чынам. Увага была прыкаваная да трагічных камендантскіх гадзін у Тбілісі і заяваў Эдуарда Шэварнадзэ, і каб не амфітэатр з фестывалем польскай песні, прысутнасць Польшчы ў лакальнай інфармацыйнай прасторы засталася б цалкам незаўважнай.

У простых размовах Лех Валэнса абавязкова супастаўляецца з Зянонам Пазьняком пад рэфрэн "у таго атрымалася, а ў нашага – не". У той жа момант, суадносіць беларускія падзеі 1991-га і польскія 1989-га нхто не асмеліўся, аднойчы прагучала "у нас было больш падабенства з прыбалтыйскімі франтамі". "Увогуле ж тут усе чакалі, як там будзе ў Маскве... А пасля путчу адным разам змянілі чырвоныя сцягі на бел-чырвона-белыя". Менавіта гэтай "вечна беларускай" несамастойнасцю і пазіцыяй чакання некаторыя тлумачылі зусім іншы на нашай зямлі вынік тых пераломных часоў.

Пасляслоўе

Як вядома, пасля Другой Сусветнай вайны Польшча ўсім хаўрусам сумавала па "страчаных" на ўсходзе землях. Менш вядомы той факт, што ялцінская сістэма ўладкавання пасляваеннай Еўропы некаторымі палякамі толькі віталася. Замест слёз па Гародні, Пінску і Глыбокаму ўрад ПНР у 1945 г. абсалютна прагматычна радаваўся прырошчванням з Захаду, дзякуючы якім Польшча намеравалася "стаць краінай індустрыяльна-аграрнай... атрымала шырокі доступ да Балтыкі і з гэтай пары будзе прылічана да марскіх дзяржаў" (прэзідэнт Краёвай Рады нарадовай Б.Берут). Хто ведае, каб не далучаныя заходнія вобласці, ці былі б заводы з прафсаюзамі, "Салідарнасць", "Круглы стол"? Доказам ад адваротнага могуць стацца беларусы, што так і не дамагліся сваёй заходняй Меккі – Вільні, і нават страцілі ўласныя этнічныя землі Беласточчыны, у выніку абраўшы іншы шлях, "самабытны" і "устойлівы".

Істотна ня тое, што ў 89-м "Салідарнасць" скінула сацыялістычны рэжым, а тое, што пасля ў польскага грамадства хапіла вытрымкі, загартаванасці, традыцыі, ўпэўненасці – чаго заўгодна! – каб і надалей кіравацца курсам шанавання правоў і свабодаў. Мы ў сваю чаргу можа і павесілі бел-чырвона-белы сцяг замест чырвонага толькі пасля путча, але і для гэтага нам спатрэбілася ня менш рашучасці, чым палякам у 89-ым. Іншая справа, што нашыя вытрымка і традыцыя цягнулі да былых дзесяцігоддзяў, а гэта вызначыла адрозны шлях развіцця, які нікому не дае сумаваць на кантыненце і па сённяшні дзень.

*Пытанні, адказы і асабістыя дадзеныя апытаных захоўваюцца ў асабістым фондзе аўтара і магчымыя для прад'яўлення.