Фотарэпартаж: На браслаўскую святыню ўскладзены папскія кароны

Нават само сонца ўвабралася ў карону на свяце ў гонар абраза Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў. 22 жніўня на гэты цудадзейны абраз, які напрацягу стагоддзяў абараняў браслаўскі край і дапамагаў кожнаму, хто пакорна схіляўся перад ім, просячы заступніцтва ў Бога, былі ўскладзены папскія кароны. Праз некаторы час пасля здзяйснення ўрачыстай каранацыі на небе з’явілася гало – кола вакол сонца, якое ярка свяцілася. Гэты аптычны феномен, які назіраецца ў прыродзе не так ужо і часта, канешне, прыцягнуў увагу шматлікіх вернікаў, якія сабраліся на плошчы перад браслаўскім касцёлам.
Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін цалуе ўкаранаваны абраз Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў. Фота Сержука Серабро

Каранацыю абраза здзейсніў арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер. Урачыстасць праходзіла пад адкрытым небам на часовым алтары, зробленым у выглядзе карабля даўжынёй 32 метры, які быў усталяваны на плошчы паблізу з касцёлам. Мачту карабля вянчаў крыж даўжынёй 22 метры. На гэтым “караблі”, што сімвалізаваў “запрашэнне ў падарожжа шляхамі Маці Божай”, знаходзіліся высокія госці: 31 іерарх каталіцкай царквы з десяці краін свету – Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША, каля 200 святароў, у тым ліку прадстаўнікі грэка-каталіцкай і Беларускай праваслаўнай цэркваў, а таксама амбасадары і прадстаўнікі дыпмісій шэрагу дзяржаў.

Алтар у выглядзе карабля. Браслаў. Фота Сержука Серабро

Сам цудадзейны абраз размясцілі сярод вянка з белых лілей на невялікай, але самай сапраўднай яхце, прывезенай з Польшчы. На сцэне ў алтары размяшчаўся зводны хор Віцебскай дыяцэзіі, які ўпрыгожваў імшу спевам пад акампанемент аркестра.

Абраз Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў узносяць у алтар. Фота Сержука Серабро

Па розных ацэнках, ушанаваць браслаўскую святыню прыйшлі і прыехалі ад 5 да 10 тысяч пілігрымаў з розных краін. Большасць вернікаў, канешне, была з розных куткоў Беларусі, аднак некаторыя прыехалі на свята і здалёк. Напрыклад, Віеслава Невяроўская разам з мужам дабіраліся аж з самой Фларыды. У вачах людзей, якія глядзелі на Валадарку Азёраў, было замілаванне і радасць, а супольная малітва да святыні збліжала вернікаў з розных краін.

Арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер прамаўляе. Фота Сержука Серабро

Арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер прамовіў гамілію па-нямецку, якая паралельна перакладалася на беларускую мову. “Чалавек з’яўляецца вянцом, каронаю Божага стварэння. Карона, якой была ўвянчана Марыя, прызначана і нам, бо мы з’яўляемся Божымі дзецьмі. Мы не толькі Божыя стварэнні, але сёстры і браты Хрыста, а праз гэта – дзеці Божыя. (...) Мэта Марыі – гэта наша мэта, Яе шлях – наш шлях, таму сёння мы звяртаемся да Яе, усклікаючы: „Марыя, прымі нас як пілігрымаў, якія ідуць з Табою да Хрыста“, – адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер карануе абраз Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. Фота Сержука Серабро

Пасля гаміліі адбылася каранацыя абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Кардынал Ёахім Майснер усклаў карону спачатку на галаву дзіцяці Езуса, а затым Яго Маці – Марыі. Затым перад абліччам укаранаванай Маці Божай біскуп Уладзіслаў Блін зачытаў Акт аддання вернікаў і душпастыраў Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валадарцы Азёраў.

Арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер карануе абраз Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. Фота Сержука Серабро

У яго пранікнёнай просьбе гучала: «О Марыя, Маці Браслаўская! Мы, Твае дзеці, хочам аддаць Табе ва ўласнасць нашыя сэрцы, нашу працу і адпачынак, малітвы і надзеі, каб Ты, нашая Маці, магла распараджацца імі, як сваёй праўдзівай уласнасцю. Пад Тваёй апекай і кіраўніцтвам мы хочам выконваць усё, што ў нашых сілах, каб на нашай зямлі было Валадарства Хрыста. Мы жадаем, каб Хрыстус пасяліўся ў нашых сэрцах, нашых сем’ях, парафіях, ва ўсёй краіне. Просім Цябе, о Маці Браслаўская, ахоўвай нас ад няшчасцяў. Дапамажы, каб сужэнствы нашы былі святыя, каб не было ў нас нянавісці, а толькі братняя любоў, каб моладзь наша гарнулася да Бога, а дзеці нашы былі нявіннымі. О Марыя, наша Валадарка, дай ласку святасці для нашых маці, а для нашых бацькаў — ласку трывання ў веры. Дай нам святых пастыраў. Атуляй апекай тых, хто імкнецца ісці за Божым заклікам. Захавай Святога Айца Бэнэдыкта XVI, дапамажы, каб усе мы сталі ўласнасцю Тваёй і Твайго Сына, нашага Пана Езуса Хрыста. Амэн».

Абраз Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў уздымаюць на мачту яхты. Фота Сержука Серабро

Затым замежныя іерархі і прадстаўнікі розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынеслі Марыі ахвярныя дары. Сярод іх былі залаты ружанец, залатыя келіхі, абрус, партрэт Яна Паўла ІІ, свечкі, прадметы літургічнага адзення, абразы і інш. Напрыканцы святой імшы вернікі супольна спелі “Магутны Божа”. Спеў беларускага духоўнага гімна ў выкананні цэлай плошчы народу стаў адным з самых моцных уражанняў аўтара гэтых радкоў. Пасля літургіі ўрачыстая працэсія перанесла абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў у галоўны алтар браслаўскага касцёла.

Ахвярныя дары Маці Божай Браслаўскай Валадарцы Азёраў. Фота Сержука Серабро

Ахвярныя дары Маці Божай Браслаўскай Валадарцы Азёраў. Фота Сержука Серабро

Яшчэ адным уражаннем, але на гэты раз непрыемным, стала наступнае. Знаходзячыся пад уплывам урачыстасці, захацелася зайсці ў царкву, памаліцца па сваім абрадзе, паставіць свечку. Аднак на дзвярах браслаўскага праваслаўнага храма (ён знаходзіцца акурат насупраць, праз вуліцу, ад касцёла) вісеў вялікі свірнавы замок. Ці то па суботах мясцовая царква не працуе, ці то яе спецыяльна зачынілі ў дзень каталіцкага свята, так і засталося незразумелым...

Кансэкрацыя гостыі. Фота Сержука Серабро

Арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер з Целам Хрыстовым спускаецца да пілігрымаў. Фота Сержука Серабро

Камунія. Арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер і пілігрымка. Фота Сержука Серабро

Пілігрымы чакаюць камуніі. Фота Сержука Серабро

Пілігрымы чакаюць камуніі. Фота Сержука Серабро

Вельмі прыемнае ўражанне стварыў кардынал Ёахім Майснер. Пасля імшы ў гутарцы ў вернікамі ён, напрыклад, прызнаўся, што за доўгі час урачыстай цырымоніі ўжо паспеў прагаладацца. Рэдкі іерарх наважыцца сказаць пра такія бытавыя рэчы пяцітысячнай пастве. А за некалькі хвілін да імшы з каранацыяй абраза кардынал даў невялікае інтэрв’ю журналістам. І на дзіва ўсіх, прызнаў сябе... браслаўчанінам.

Гало вакол сонца пад час каранцыі абраза Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў. Фота Сержука Серабро

Гало вакол сонца пад час каранцыі абраза Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў. Фота Сержука Серабро

Пілігрымы глядзяць на гало вакол сонца пад час каранцыі абраза Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў. Фота Сержука Серабро

«Каталіцкі Касцёл з’яўляецца міжнародным Касцёлам. Тут, у Браславе, пануе атмасфера, цалкам характэрная для Каталіцкага Касцёла. І безумоўна я адчуваю сябе тут, як дома, хоць у Беларусі прабываю ўпершыню. Учора ў 15.30 я прыляцеў сюды з Будапешта. Чаму я адчуваю сябе тут як дома? Мясцовыя жанчыны ў хустачках нагадваюць мне маю маму. Я прыпамінаю сваё дзяцінства, якое прайшло ў Сілезіі. Мястэчка, у якім я нарадзіўся, называецца Брэслаў. Яно сугучна з назвай гэтага горада – Браслаў. Як брэслаўчанін, я адчуваю сябе тут браслаўчанінам», – сказаў кардынал Ёахім Майснер.

Пробашч касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе Лешак Вітвіцкі. Фота Сержука Серабро

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета Міністраў Беларусі Леанід Гуляка. Фота Сержука Серабро

Апостальскі нунцый арцыбіскуп Марцін Відавіч. Фота Сержука Серабро

Арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер з ружанцам з сэрцаў, які ён прывёз у падарунак Маці Божай Валадарцы азёраў. Фота Сержука Серабро

Арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер дорыць біскупу Віцебскаму Уладыславу Бліну біскупскі крыж з бурштыну. Фота Сержука Серабро

Пілігрымы, якія прыйшлі на ўрачыстаць каранцыі абраза Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў. Фота Сержука Серабро

Абраз Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў укаранаваны папскімі каронамі. Фота Сержука Серабро

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ