Народные новости Витебска

У Віцебску жорстка збіты сябра БХД Алесь Галавань

30 верасня ўвечары ў цэнтры Віцебска на сябру “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Алеся Галаваня напалі 5 чалавек, аднаго з іх удалася затрымаць сябру КХП-БНФ Сяргею Каваленку, паведамляе прэсавая служба “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”.

Затрыманы паведаміў, што збіццё Галаваня было замоўлено супрацоўнікамі віцебскай міліцыі ў якасці помсты за скаргу, якую Алесь Галавань напісаў на імя начальніка Чыгуначнага РАУС Віцебска наконт дзеянняў яго падначаленых.

Нагадаем, 27 верасня Галавань быў затрыманы за распаўсюд бюлетэняў “Прамень” і “Крыніца”, а таксама іншых інфармацыйных матэрыялаў БХД. Падчас знаходжання Алеся ў пастарунку, міліцыянты дазволілі сабе правакацыйныя і некарэктныя выказванні наконт беларускай мовы і яго рэлігійных перакананняў. У сваёй скарге актывіст БХД пералічыў усе нанесеныя яму абразы.

Калі Алеся Галаваня збівалі, паведамляе прэсавая служба “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”, яму перадавалі “прывітанні” ад кіраўніка Кастрычніцкага РАУС Віцебска Каліноўскага і адказнага за масавыя мерапрыемствы ў гарадской адміністрацыі Скарыновіча. З гэтымі асобамі актывіст БХД неаднаразова сутыкаўся падчас правядзення акцыяў.