Віцебскія футбалісткі саступілі немкам
Футбалісткі віцебскага “Універсітэта” саступілі ўчора ў хатнім матчы 1/16 фінала жаночай Лігі чэмпіёнаў УЕФА нямецкаму “Дуйсбургу-2001”. Гульня с мацнейшым клубам Еўропы скончылася з лікам 1:5.
Матч у адказ адбудзецца 7 кастрычніка ў Дуйсбургу. Хоць Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.Машэрава аказаў клубу сур’ёзную дапамогу ў падрыхтоўцы да міжнароднага спаборніцтва, аднак некаторыя праблемы, звязаныя з гасцявым выездам каманды на матч у Германію, пакуль яшчэ не вырашаны. Аднак, улічваючы разгромны вынік першай сустрэчы, у Нямеччыну віцяблянкі паедуць дзеля фармальнасці. Пераможца гэтай стадыі спаборніцтва сустрэнецца ў 1/8 фінала з лепшай камандай пары “Цюрых” (Швейцарыя) – “Лінчэпінг” (Швецыя).