У Віцебску асвецяць новы касцёл

У межах святкавання 10-годдзя заснавання Віцебскай дыяцэзіі 10 кастрычніка адбудзецца асвячэнне касцёла Езуса Міласэрнага, што знаходзіцца ў мікрараёне “Поўдзень-7” у Віцебску. Цырымонію кансекрацыі ўзначаліць апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, а казань падчас урачыстай святой імшы прамовіць старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Напярэдадні, 9 кастрычніка, у касцёле пройдзе навуковы сімпозіўм на тэму Божай міласэрнасці. У ім прымуць удзел навучэнцы рыма-каталіцкіх семінарый з Гродна і Пінска.

Адметна, што касцёл Езуса Міласэрнага стаў першай рыма-каталіцкай святыняй у Віцебску, пабудаванай за апошнія 124 гады. Да кастрычніка 1917 года ў Віцебску дзейнічала больш за 10 касцёлаў, паступова яны руйнаваліся, і ў пачатку ХХ стагоддзя іх засталося толькі тры. Парафія Езуса Міласэрнага была створана біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам у 2000 годзе. Спачатку імша праходзіла ў часовай капліцы. У тым жа годзе пачалося будаўніцтва касцёла.

Новы касцёл – у форме крыжа – з’яўляецца ўзорам сакральнай архітэктуры (будынак мае вышыню 32, даўжыню 28 і шырыню 18 метраў).

Пачатак урачыстага адкрыцця 10 кастрычніка а 11-й.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ