У Віцебску з’явіцца дзіцячы патрыятычны парк

У Віцебску зараз распрацоўваецца праект стварэння “Дзіцячага патрыятычнага парка”. Размеціцца ён у цяперашнім скверы каля плошчы Леніна.
У парку будуць кавярня, цір, пляцоўкі для гульні ў валейбол, баскетбол і настольны тэніс, газоны, кветнікі, пешаходныя дарожкі, прысады розных дрэў і кустоў накшталт ядлоўцу і туі. А яшчэ тут зробяць глядзельную пляцоўку з відам на Дзвіну, а каля музея М. Шмырова паставяць вайсковую тэхніку і верталёт. Плануюць нават зрабіць рамонт у грамадскай прыбіральні насупраць кінатэатра “Мір”.
Праект парка па даручэнні старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца распрацавала творчая група пад кіраўніцтвам галоўнага архітэктара Беларускага дзяржаўнага праектнага інстытута Юрыя Сакалоўскага, піша газета “Віцьбічы”.
Як паведамляе выданне, “Дзіцячы патрыятычны парк” – назва пакуль працоўная. Газета аб’явіла сярод сваіх чытачоў конкурс на лепшую назву парка. Па інфармацыі “Віцьбічаў”, добраўпарадкаванне будучага месца адпачынку маленькіх віцяблянаў пачнецца ў самы бліжэйшы час.

Меткі:

Чытайце яшчэ