У Віцебскім музеі знаходзіцца “археалагічная сенсацыя”
У Віцебскі абласны краязнаўчы музей на часовае захаванне перададзена унікальная археалагічная знаходка – саркафаг з кургана ў Друцку.
Ён быў знойдзены падчас раскопак, праведзеных сёлета ў Друцку (Талачынскі раён) спецыялістамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.Машэрава. Пры даследаванні калектыўнага адзіначасовага пахавання людзей, якія загінулі ў выніку ваенных дзеянняў, археолагі натыкнуліся на добра апрацаваную каменную надмагільную пліту, якая нагадвае шчыт. Яна ляжала на двух каменных падстаўках. Пад нагробным каменем ляжалі чалавечы чэрап і маленькі гузік. Усяго ж у гэтым месцы знайшлі парэшткі 38 чалавек. Мяркуючы па памерах костак, іхні рост набліжаўся да 2 метраў. У двух шкілетах захраслі фрагменты стрэлаў. Хутчэй за ўсё, пахаваны тут былі нешэраговыя грамадзяне, на гэта ўказвае багатая іхняя вопратка. Археолагам удалося выявіць каўнерык з візантыйскім арнаментам, вышыты залатымі ніткамі, і фрагменты тканіны, таксама візантыйскага ўзору.
Па папярэдніх высновах навукоўцаў, пахаванне адносіцца да другой паловы XII стагоддзя – пачатка XIII стагоддзя і ўяўляе сабой своеасаблівае перапляценне паганства і хрысціянства. Унікальнасць знаходкі ў тым, што дагэтуль ні ў Беларусі, ні ў іншых краінах Усходняй Еўропы не сустракалі курганных пахаванняў з каменнымі надмагіллямі. Нашы продкі звычайна хавалі сваіх суродзічаў у драўляных трунах, калодах, магільных ямах.
Саркафаг з друцкага курганнага некропаля адмыслоўцы называюць “археалагічнай сенсацыяй”. Знаходка будзе знаходзіцца ў Віцебску часова, пакуль не вырашыцца пытанне аб стварэнні краязнаўчага музея ў Друцку.