Народные новости Витебска

У Коласаўскім тэатры – “Лебядзінае возера”

На сцэне драмтэатра імя Я.Коласа сёння пачнуцца гастролі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета імя Леаніда Якабсана. Віцебскіх прыхільнікаў класічнага балета чакаюць некалькі незабыўных вечароў. Сёння дадуць славутае “Лебядзінае возера” Пятра Чайкоўскага. Выступленні гасцей з “паўночнай сталіцы” Расіі пройдуць з аншлагам.У далейшай афішы – 30 лістапада і 2 снежня – балет “Рамэа і Джульета” Сяргея Пракоф’ева, 1 снежня – зноў “Лебядзінае возера”, 3 снежня – “Спартак” Арама Хачатурана.

Пакуль на віцебскай сцэне будзе панаваць балет, творчая група коласаўцаў наведае Расію. Са спектаклямі “Аднакласнікі” Ю.Куліка і “О-ля-ля!” (“Вось табе і Ганна!”) М.Камалеці яна выступіць у Бранску, Арле і Смаленску. Гэты гастрольны тур – візіт у адказ. Сёлета коласаўцы прымалі ў сябе тэатральныя калектывы з гэтых расійскіх гарадоў – Бранскі драматычны тэатр імя А.Талстога, Арлоўскі тэатр для моладзі “Свабодная прастора”, Смаленскі драматычны тэатр імя А.Грыбаедава.