У Оршы навагоднія святы распачнуцца ў суботу, 26 снежня. Галоўны персанаж урачыстасці Дзед Мароз прыедзе да цэнтральнай гарадской ёлкі на белым лімузіне, а суправаджаць яго будзе байкерскі картэж.
Аршанскія Дзяды Марозы і Снягуркі і іншыя казачныя героі пад гукі духавога аркестру пройдуць святочным парадам ад гарадскога Цэнтра культуры да калегіума іезуітаў. Сюды, на плошчу, дзе ўсталявана галоўная ёлка, і прыедзе лімузін з сучасным Дзедам Марозам. Ён запаліць агні на ёлцы, а затым са свайго крутога аўто выпусціць Тыгра – сімвал наступаючага года, паведамляе БелТА.
Сюрпрызы для дарослых і дзяцей падрыхтавалі арганізатары навагодніх святаў і ў іншых гарадах вобласці. Як піша газета “Народнае слова”, у Верхнедзвінску сёлета паставілі незвычайную ёлку. Адметнасць 17-метровай лясной прыгажуні ў тым, што яна мае два ствалы. У Мёрах каля будынка мясцовага хлебазаводу стаіць вялізны снегавік з унутранай падсветкай. А ў Лепелі ўпершыню адбудзецца конкурс сярод Дзядоў Марозаў.