У Віцебску праходзяць “Дні хрысціянскай культуры”
У Віцебску з 17 снежня па 4 студзеня праходзіць фестываль “Дні хрысціянскай культуры”, які штогод ладзіць да свята Божага Нараджэння Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкай царквы.
Фестываль распачаўся ў мінулы чацвер выставай дзіцячай творчасці “Скарбніца Раства” ў абласным Мастацкім музеі. Дзіцячыя працы можна ўбачыць тут да 4 студзеня. А ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава (канферэнц-зал, першы паверх) у гэтыя дні працуе фотавыстава айца Карнэлія Консека “Сям’я – выток жыцця і любові”. Тэму Раства, адлюстраваную таксама ў фотаздымках, можна ўбачыць на выставе ў касцёле Святога Духа (вуліца Чкалава). На ёй прадстаўлены працы віцебскага фотамастака Аляксандра Ужгародскага.
На свята Божага Нараджэння, 25 снежня, у новым касцёле Езуса Міласэрнага (вуліца Воінаў-інтэрнацыяналістаў, 27) адбудзецца канцэрт каляднай песні Глеба Лапіцкага. У наступны аўторак, 29 снежня, а 10-й у ВДУ імя П.Машэрава (актавы зал, першы паверх) пачнецца традыцыйны конкурс батлеек.
2 студзеня (19.00) у касцёле святой Барбары пройдзе святочны канцэрт артыстаў Віцебскай абласной філармоніі. Завершыцца фестываль 4 студзеня канцэртам для хворых дзетак з удзелам дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі, які пройдзе ў актавым зале абласной клінічнай бальніцы.