У вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна сёння правялі ў апошні шлях вядомага каталіцкага ксяндза Юзафа Бульку, пробашча мясцовага касцёла святой Ганны. Святара пахавалі каля сцен гэтай святыні, дзе ён служыў каля 20 гадоў свайго жыцця. Як вядома, пахаванне святароў не на могілках, а каля касцёла ўказвае на іх асаблівыя заслугі. Развітацца с ксяндзом прыйшлі тысячы вернікаў. На пахаванне прыехалі каталіцкія біскупы з Беларусі, Літвы, Польшчы.
Юзаф Булька нарадзіўся ў 1925 г. у літоўскай вёсцы Рыпайчай. У канцы 1980-х гг. атрымаў святарскае пасвячэнне і напрацягу многіх гадоў працаваў у мосарскай парафіі Святой Ганны. Святар прапагандаваў здаровы лад жыцця, шмат зрабіў у справе барацьбы з алкагалізмам. У Мосары прадстаўнікамі клубаў ананімных алкаголікаў з Беларусі, Латвіі і Літвы была створана Алея цвярозасці. Шмат намаганняў прыкладаў кс. Юзаф Булька і на добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол касцёла.
У 2005 г. кс. Юзаф стаў першым ксяндзом у Беларусі, які быў удастоены дзяржаўнай прэміі прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне», а ў 2006 г. указам прэзідэнта быў узнагароджаны медалём Францішка Скарыны за падзвіжніцкую дзейнасць па ўмацаванні духоўных каштоўнасцяў і прапагандзе здаровага ладу жыцця.