Народные новости Витебска

Учынак Сяргея Каваленкі аб’яднаў віцебскую апазіцыю

Учынак актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленкі – вывешванне над галоўнай навагодняй ёлкай Віцебска бел-чырвона-белага сцяга – здолеў не толькі прыцягнуць да сябе вялікую ўвагу жыхароў краіны і замежжа, але і зрабіў амаль немагчымае: аб’яднаў мясцовую апазіцыю. Сёння ў Віцебску адбыўся сход па стварэнні грамадскага камітэта ў абарону арыштаванага. Нагадаем, што ён змешчаны на два месяцы ў СІЗА і ў адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт. 339 УК Беларусі (хуліганства).

У аргкамітэт увайшлі прадстаўнікі розных дэмакратычных партый, рухаў, грамадскіх арганізацый, у прыватнасці, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, маці палітыка Таццяна Севярынец, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў, мясцовы апазіцыянер Барыс Хамайда і інш.

На думку сяброў аргкамітэта, Сяргей Каваленка з’яўляецца палітвязнем, таму ўсе акцыі ў ягоную абарону будуць праходзіць пад лозунгам “Свабоду палітвязню Каваленку!”.

Аргкамітэт правёў збор грашовых сродкаў у падтрымку арыштаванага і яго сям’і, а таксама абмеркаваў магчымыя дзеянні. Сярод запланаваных акцый – віншаванне С.Каваленкі з днём нараджэння, 16 студзеня яму споўніцца 35 гадоў. Мяркуецца, што будуць выдадзены ўлёткі з інфармацыяй пра ўчынак С.Каваленкі, якія будуць распаўсюджвацца сярод жыхароў горада. Магчыма, будуць зроблены майкі, значкі ці паштоўкі з выявай навагодняй ёлкай і сцягам над ёй і надпісам “Віцебск. 7 студзеня 2010 года”. Аргкамітэт таксама шукае адваката для арыштаванага і збіраецца прадаставіць інфармацыю па “справе аб ёлцы” амбасадам краін Еўрасаюза і розным праваахоўным арганізацыям.